Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NEXTA: Прышэсьце новага стылю


Акцыя 8 лістапада ў Менску
Акцыя 8 лістапада ў Менску

Што азначае акцыя, якая адбылася ў Менску 8 лістапада на заклік блогера Сцяпана Святлова aka NEXTA, аўтара фільма «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы»? Гэтую стужку на розных плятформах паглядзелі каля 2 мільёнаў чалавек.

Гэта пачатак рэвалюцыі? Не. Але гэта сымптом прыходу новага стылю, у палітыцы ў тым ліку.

Многія прыгадалі досьвед «маўклівых акцыяў» 2011 году. Таксама быў пратэст, арганізаваны праз сацыяльныя сеткі, таксама з-за мяжы. Але тады быў палітычны праект, быў каскад акцый.

Гэтак жа як у гэтым годзе ў Казахстане пасьля прэзыдэнцкіх выбараў прайшоў каскад акцыяў пратэсту, на якія людзі выходзілі на заклік у сацыяльных сетках эмігранта-апазыцыянэра Мухтара Аблязава.

А ў блогера NEXTA — адна акцыя. Сярод тых, хто арганізоўваў акцыю NEXTA, былі і палітычныя актывісты. Менавіта яны на плошчы 8 лістапада анансавалі працяг — наступную акцыю 15 лістапада.

Яны, але не сам блогер. Ён сам на наступную акцыю не заклікаў і за яе не агітаваў.

8 лістапада ён проста пратэставаў, як канвэртуюцца сотні тысячаў яго падпісчыкаў у сацсетках, гледачоў яго фільма, у прамое палітычнае дзеяньне, у актыўнасьць офлайн.

Вынік апынуўся неправальным, але і не трыюмфальным. Некалькі сотняў чалавек — гэта нямала для водгуку на заклік маладога чалавека, без палітычнага вопыту, які зьвяртаецца да жыхароў краіны з-за мяжы. Але і няшмат і ў параўнаньні з велізарнай онлайн-аўдыторыяй блогера, і для колькі-небудзь значных грамадзкіх наступстваў падобнай акцыі.

У інтэрвію Свабодзе Святлоў сфармуляваў адну з высноваў свайго экспэрымэнту: дзе ж апынуліся самыя грозныя крытыкі беларускай улады, якія пісалі камэнты да яго пастоў і ролікаў? Там жа, дзе і былі — на сваіх канапах.

Блогер NEXTA ў сваіх роліках, пастах, у сваім фільме, вельмі рэзкі ў адносінах да беларускай улады. Аднак сцэнар акцыі, якая прайшла на яго заклік, быў зусім не радыкальным — «тусоўка», абмен думкамі, раздача флаераў і прызоў. Словам, сьвята, «варушняк». Улада, праўда, прыняўшы «тусоўку» за бунт, часткова як з бунтам зь ёй і абышлася. Але задума ў арганізатара была іншая.

А як жа зубаскрышальны тон NEXTA онлайн? А там іншая аўдыторыя. Кожнай аўдыторыі — свая мова, онлайн — адна, офлайн — іншая.

Амаль адначасова з акцыяй NEXTA ў Менску прайшоў канцэрт расейскага рэпэра Цімаці. Сабралася шмат людзей, якім пасьля канцэрту сьпявак раздаваў бургэры.

Некаторыя ў сацыяльных сетках абурыліся, супрацьпаставіўшы адсталую моладзь — аматараў бургераў Цімаці — прагрэсіўным аматарам NEXTA.

А ці такія яны розныя, а ці за розным яны прыйшлі? А ці не за драйвам прыйшлі і туды і туды?

Дарэчы, NEXTA — ня чыста моладзевы фэномэн, гэта не Ўлад Бумага для палітызаваных. У аўдыторыі яго фільма пра Лукашэнку — 40% людзей веку ў 35 гадоў і старэй.

Але стылістыка ўсё ж у Сьвятлова зусім іншая, чым у герояў грамадзкага пратэсту 90-х, нулявых і нават пачатку дзесятых.

— А калі наступная акцыя?
— А навошта? Тэст атрымаўся, усё ясна.
— А калі пра далоў?
— На youtube глядзіце пра далоў.

Гэта не рэвалюцыя ў старамодным сэнсе. Гэта рэвалюцыя супраць старамодных сэнсаў. І таму ў пэўнай разгубленасьці і ўлада, і традыцыйная апазыцыя, і мудрыя экспэрты.

Гэта вось наогул што такое і зь якой мэтай? — пытаюцца яны. Гэта маладое пакаленьне. Яно нікога ня будзе зрынаць, яно проста пазбавіць сэнсу сёньняшні сьвет, які яно непазьбежна атрымае ў спадчыну.

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG