Блогеру з Воршы Зьмітру Казлову не ўдалося прарвацца ў Менск на мітынг, скліканы блогерам NEXTA. Яго тройчы па дарозе ў сталіцу затрымлівала міліцыя і вяртала ў Барань, дзе ён жыве.
Пакуль Зьміцер Казлоў намагаўся трапіць на акцыю ў Менск, яго зьнялі з выбараў.
Зьміцер вядзе блог «серый кот». Паводле яго словаў, канал мае 3.700 падпісчыкаў.
Блогер: разгарнулі супраць мяне спэцапэрацыю
Зьміцер кажа, што ягоныя «прыгоды» пачаліся зранку 8 лістапада. Сцэнар затрыманьня быў аднолькавым. Міліцыянты праводзілі яго ў пастарунак бралі тлумачэньне і праз гадзіну адпускалі.
Трэці раз Зьміцер паспрабаваў прарвацца ў Менск на нанятай машыне, але і яе спынілі. Кіроўцу зьвінавацілі ў парушэньні правілаў дарожнага руху, аштрафавалі і ён вырашыў ня ехаць у сталіцу.
Блогер лічыць, што супраць яго разгарнулі спэцапэрацыю, у якой была задзейнічаная ня толькі міліцыя. Зьміцер кажа, што і падумаць ня мог, наколькі ягоная пэрсона з 3.700 падпісчыкамі важная.
«Ня думаю, што адна міліцыя ў гэтым удзельнічала, відаць, падключаныя былі і супрацоўнікі КДБ, — мяркуе Зьміцер. — Вядома ж калі б ведаў, што такое са мною здарыцца, то маршрут да Менску загадзя б прадумаў».
Зьнялі з выбараў за лёзунг «Фальшывым выбарам баста»
Пакуль Зьміцер прарываўся ў сталіцу акруговая камісія зьняла яго з выбараў, бо палічыла, што ён парушыў правілы правядзеньня перадвыбарчай агітацыі. Ягоны лёзунг «Фальшывым выбарам баста» быў расцэнены, як заклік да байкоту выбараў, што забаронена заканадаўствам.
У Зьмітра ўжо было адно папярэджаньне, і пасьля вынясеньня другога яму скасавалі статус кандыдата ў дэпутаты. Рашэньне камісіі ён зьбіраецца абскарджваць, бо лічыць свой лёзунг заклікам да справядлівых выбараў.
- У Палату прадстаўнікоў ён вылучаўся, як актывіст кампаніі «Эўрапейская Беларусь». У дэпутата вырашыў балятавацца, каб дагрукацца да людзей, якія не глядзяць палітычных блогераў у інтэрнэце.
- У інтэрвію Свабодзе Зьміцер казаў, што ў перамогу верыць слаба, але ня супраць арганізаваць трансьляцыю з пасяджэньняў парлямэнту.