Людзі ня бачаць, але гуляюць у футбол. І такі футбол называецца «інтуітыўны». Дакумэнтальны фільм пра незвычайную каманду і яе трэнэра зьняла беларуская рэжысэрка Вольга Абрамчык. Сёлета стужку «Трэнэр» пакажуць на кінафэстывалі «Лістапад».
У інтуітыўны футбол гуляюць адмысловым мячом вагою 500 грамаў з мэталічнымі шарыкамі ўсярэдзіне — такую «бразготку» чуваць падчас гульні і зразумела, куды аддалі пас. За брамай і каля лаўкі запасных стаяць трэнэры, якія таксама даюць падказкі, як і відушчы брамнік.
Алег Канстанцінавіч Кірылаў — цэнтральны герой стужкі — інтуітыўным футболам займаецца ўжо больш за 10 гадоў. Такая праца — сьвядомы выбар: бацькі Алега Канстанцінавіча страцілі слых у ваенныя часы, і з праблемамі людзей з інваліднасьцю ён сутыкаўся зь дзяцінства. Кірылаў — трэнэр, сябра, хросны бацька сына аднаго з гульцоў і «гарачая лінія» дапамогі ў пытаньнях, якой мазьзю карыстацца пасьля траўмы.
Падчас нашай размовы рэжысэрка Вольга Абрамчык некалькі разоў паўтарае: трэба, каб такіх людзей было больш.
У Менск на фэстываль Вольга прыехала з Прагі, дзе жыве апошнія 4 гады. Кажа, што амаль увесь фільм здымалі ў Віцебску. У Менску адзьнялі толькі самую першую сцэну — на футбольным стадыёне «Дынама». Тады Алег Кірылаў, трэнэр зборнай Беларусі ў інтуітыўным футболе, прывёз сваіх гульцоў заўзець на матч Лігі нацый «Беларусь — Люксэмбург» у 2018 годзе.
«Я ўжо рэдка чакаю нейкіх станоўчых водгукаў ад людзей, якіх здымаеш, таму што людзі бачаць сябе зусім інакш, — кажа Вольга. — Але Алег Канстанцінавіч адрэагаваў вельмі добра, сказаў толькі: „Нейкі я тоўсты“».
Невідушчыя гульцы спыталі: «А як мы паглядзім вашае кіно?»
Вольга хацела здымаць фільм пра гэтую футбольную каманду амаль пяць гадоў таму і нават дамовілася з Кірылавым, але тады не знайшла сродкаў. Аднак «Чаму так доўга не здымаем?» ніхто не пытаў — пыталі іншае.
«А як мы паглядзім вашае кіно?» — задалі цалкам натуральнае, нармальнае пытаньне, — успамінае Вольга. — Мой мозг так хутка не працаваў ніколі. І менавіта ў тую сэкунду нарадзілася думка, што мы зусім ня будзем выкарыстоўваць музыку ў фільме, толькі натуральныя гоман і гук, толькі інтэршум (набор гукаў, якія імітуюць альбо перадаюць атмасфэру навакольнага асяродзьдзя. — РС), каб невідушчы чалавек мог разумець, што адбываецца ў кадры».
У фільме сапраўды няма музыкі, але яшчэ і таму, што Вольга — прыхільніца натуралізму ў кіно і лічыць, што музыка маніпулюе эмоцыямі гледачоў, не даючы ім скласьці ўласную думку пра ўбачанае.
Тэст на зразумеласьць фільм дадаткова прайшоў на кінафэстывалі ў Сараеве, куды таксама запрасілі людзей з парушэньнямі зроку. Яны пацьвердзілі — усё ясна. І дадалі, што прыемна было ўпершыню прыйсьці ў кіно.
На вачах гульцоў адмысловыя маскі: каб усім было аднолькава цёмна, а таксама для бясьпекі, бо гульцы часьцяком выстаўляюць уперад рукі і можна наляцець на чыйсьці палец.
«Калі мы ўпершыню здымалі з трэнэрам і з камандай, гэта было ў залі, — расказвае Абрамчык. — І нехта бег і ўрэзаўся ў сьцяну моцна, упаў. Мая першая рэакцыя — падбегчы, дапамагчы чалавеку. Трэнэр мяне спыніў вельмі хутка, рукамі паказаў: стоп. Сказаў хлопцу: „Чаго мы ляжым? Падымаемся! Усё ў парадку? Працуем далей“ Ён заўжды паўтарае, што шкадаваньне і нейкае асаблівае такое стаўленьне ім ня трэба. Напэўна, пасьля гэтага моманту я неяк страціла адчуваньне, што трэба пашкадаваць».
«Трэба дазволіць жыцьцю зрабіць дакумэнтальны фільм»
Футбалісты ня страцілі ўменьня пасьмяяцца зь сябе: Вольга расказвае, як аднойчы яна, трэнэр і трое гульцоў селі ў машыну, а тая на старце заціўкала і рэзка затармазіла.
«І нехта (з гульцоў. — РС) спытаў, што адбываецца, а астатнія пачалі кпіць: «Ты што, ня бачыш? Вызірні ў акно ды паглядзі».
Абрамчык прыгадвае, як гадоў восем таму падчас працы над рэпартажам у Маскве трапіла ў рэстарацыю «У цемры», дзе наведнікі ядуць безь сьвятла, а афіцыянтамі працуюць людзі са зрокавымі абмежаваньнямі. Вольга паспытала вячэру, і ў першыя хвіліны яе ахапіла вострае жаданьне як мага хутчэй уцячы адтуль. Усе адчуваньні зьмяніліся цалкам — у дэсэрце яна прыняла какос за моркву.
Большасьць футбалістаў у камандзе Кірылава нават не карыстаюцца кіямі (вядома, мэдыкі такога ня ўхваляць), бо ў горадзе арыентуюцца выдатна. А Дзіма Халадовіч, адзін з гульцоў, нават водзіць экскурсіі па Віцебску.
Увогуле, першапачатковая ідэя была здымаць менавіта гульцоў, але пасьля знаёмства з Алегам Канстанцінавічам плян зьмяніўся.
«Пытаюць: „А як наконт сцэнару?“ — „А які сцэнар у дакумэнтальным фільме?“ — сьмяецца Вольга. — Мне здаецца, вельмі істотна быць гнуткім у дакумэнтальным кіно, трэба дазволіць жыцьцю зрабіць гэты фільм».
Пасьля фэстывальнага пэрыяду фільм выкладуць у інтэрнэт, каб яго паглядзела як мага больш людзей.
«Цяпер я жыву ў Празе і бачу, як людзі з інваліднасьцю тусуюцца, выходзяць на вуліцу, у бары, на канцэрты, — кажа Вольга. — Вельмі хацелася б, каб у Беларусі людзі з інваліднасьцю таксама ведалі, што магчымасьць ёсьць. Калі людзі пачнуць выходзіць, мне здаецца, зьявяцца лепшыя ўмовы, таму што на гэта будзе большы попыт».