Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наша і ня наша вайна для Лукашэнкі і Беларусі


Сьцісла:

  • Лукашэнка 25 гадоў кляўся вайной, якую цяпер назваў ня нашай
  • Яго палітыка-псыхалягічная матывацыя — гісторыя Беларусі пачалася зь яго
  • Для Адамовіча і Быкава Другая Ўсясьветная была іх вайной
  • Паводле сацапытаньняў галоўнай падзеяй беларускай гісторыі прынамсі ХХ стагодзьдзя для пераважнай большасьці беларусаў была перамога ў Другой усясьветнай
  • Спроба прадухіліць пагрозу з боку Расеі, калі задума была менавіта такой, толькі ўзмоцніць яе

Выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра «ня нашы» войны, у тым ліку і пра Другую ўсясьветную, выклікала даволі бурлівую рэакцыю, выказаўся на гэты конт і прэм’ер Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Нагадаю, што ў інтэрвію казахстанскаму тэлеканалу «Хабар», кажучы пра расейска-францускую вайну 1812 году, Першую і Другую ўсясьветныя войны, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Цяпер мы самі вырашаем свае пытаньні, мы самі распараджаемся сваім лёсам. Але самае галоўнае — Беларусь, ды і Казахстан, яны ж заўсёды былі пад чыімсьці бізуном, вось як я часта кажу. Хтосьці намі панукваў, хтосьці спрабаваў на калені паставіць, асабліва Беларусь. Усе гэтыя войны — ня нашы войны!»

Гэтая заява вельмі кантрастуе з усім, што Аляксандар Лукашэнка казаў дзесяцігодзьдзямі, памінаючы Другую ўсясьветную да месца і не да месца, абвяшчаючы сваіх апанэнтаў нашчадкамі тых, хто супрацоўнічаў з нацыстамі, а заходнія патрабаваньні наконт выкананьня правоў чалавека — ледзь не паўтарэньнем гітлераўскага нашэсьця. Ну і спасылка на «акопы, у якіх разам гнілі» была фірмовым прыёмам у перамовах з Расеяй.

І раптам тая вайна, памяцьцю аб якой Лукашэнка кляўся ўсе 25 гадоў кіраваньня, стала «ня нашай».

Лукашэнка=Беларусь?

Напэўна, некаторым прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці, апазыцыі Беларусі заява кіраўніка дзяржавы спадабаецца, яны пра гэта таксама гавораць гадамі. Але ці варта радавацца такой «нацыяналізацыі», такой «беларусізацыі» кіраўніка дзяржавы?

На мой погляд, гэтая заява — цалкам у рэчышчы кампаніі, якую вялі напачатку гэтага году афіцыйныя СМІ да 25-годзьдзя прыходу Лукашэнкі да ўлады. Сутнасьцю кампаніі было «склейваньне» незалежнасьці зь дзейным кіраўніком дзяржавы, адсяканьне ладнага і важнага часовага пэрыяду гісторыі незалежнай Беларусі — 1991-1994 гадоў. Маўляў, нешта там было ў гэтыя 3 гады, але сапраўдная незалежнасьць пачалася з Лукашэнкі, ён і ёсьць беларуская незалежнасьць.

Тут таксама варта прыгадаць і кампанію па выцісканьні з грамадзкай памяці колішняга кіраўніка БССР Пятра Машэрава, найбольш яскравая праява чаго — перайменаваньне праспэкту ў Менску. Зайздросьціў і зайздросьціць.

Цяпер проста настала чарга Другой Усясьветнай. Ня наша вайна, бо тады Беларусь не была самастойным, незалежным палітычным субʼектам. Значыць, гэта як бы перадгісторыя, як бы і не зусім наша гісторыя. А нашая гісторыя пачалася з нашай незалежнасьці, а нашая незалежнасьць, а значыць і гісторыя пачалася вы здагадваецеся з каго?

Адамовіч, Быкаў і ня наша вайна

На нечы погляд можа Лукашэнка проста апераджае час, са сваёй дыктатарскай матывацыяй задае тэндэнцыю, якая некалі пераможа. Скажам, у Другую Ўсясьветную шмат індусаў ваявала ў брытанскай арміі супраць нацыстаў. Ці гавораць цяпер індусы, што тая вайна была іх вайной?

Можа і не гавораць. Але можа і беларусы — не індусы. І стаўленьне да той вайны ў іх крыху іншае.

Днямі пачуў у адной дыскусіі ў ФБ фразу, якая мяне ўразіла — цяпер каштоўнасьці мяняюцца, як мадэлі смартфонаў. Для некага можа быць і так. Але ці так гэта для беларускага грамадзтва?

Васіль Быкаў у апошнія гады жыцьця шмат на што глядзеў інакш, чым у папярэднія. Ён гаварыў і пісаў пра тое, што Перамогу ў пераможцаў скрала камуністычная сыстэма, што Сталін быў крывавай пачварай, што Савецкая армія і вызваліла, але і зьняволіла Ўсходнюю Эўропу. Але да свайго апошняга часу ён лічыў, што Другая Ўсясьветная вайна была ягонай вайной, нашай вайной.

Як і для Алеся Адамовіча, які падлеткам пайшоў у партызаны. У савецкае войска людзей збольшага мабілізоўвалі. У партызаны людзі, тым больш падлеткі, траплялі не пад прымусам, не па мабілізацыі. Гэта быў выбар прынамсі Адамовіча. Платай за які магла быць нямецкая куля ці пятля. Для яго гэта была наша вайна? Думаю, што так.

Што мяркуе народ?

Пра тое ж сьведчаць і шматлікія сацыялягічныя апытаньні. Паводле іх, галоўнай падзеяй беларускай гісторыі прынамсі ХХ стагодзьдзя для пераважнай большасьці беларусаў была перамога ў Другой Усясьветнай. Прычым гэта так для пераважнай большасьці і прыхільнікаў, і праціўнікаў Лукашэнкі, і для адэптаў інтэграцыі з Расеяй, і для тых, хто аддае перавагу эўраінтэграцыі.

Ці могуць людзі лічыць «не сваю» вайну галоўнай падзеяй сваёй гісторыі?

І ці варта кідаць выклік гэтаму масаваму, народнаму стаўленьню? Не, калі Аляксандар Лукашэнка вырашыў падацца ў постмадэрністы і мяняць каштоўнасьці як мадэлі смартфонаў — ну хай паспрабуе.

Ня выключана, што тут быў палітычны разьлік: Расея цяпер цісьне наконт інтэграцыі, Другая Ўсясьветная ў Расея — галоўная каштоўнасьць і галоўная прапагандысцкая фішка, ну дык і варта крыху дыстанцыянавацца ад гэтага ідэйнага стрыжня расейскай прапаганды. Лёгіка не пазбаўленая палітычнай рацыі, але, на мой погляд, хібная.

Па-першае, таму, што для беларусаў тая вайна, перамога ў ёй, ня роўныя ні Пуціну ні нават Расеі, яны для іх роўныя Быкаву, Адамовічу, таму ж Машэраву. А па-другое (і гэта галоўнае) для беларусаў гэта каштоўнасьць, і больш трывалая, чым апошняя мадэль смартфона.

У выніку спроба прадухіліць пагрозу з боку Расеі, калі задума была менавіта такой, толькі ўзмоцніць яе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG