У верасьні жаночая каманда ФК «Менск» выйшла ў 1/8 Лігі чэмпіёнаў, абыграўшы каманду «Цюрых». Гэта найлепшы вынік для каманды — і для беларускага футболу: мужчынскія каманды да такога ўзроўню не даходзілі ніколі.
«Мужчыны? Яны дохлыя супраць дзяўчат! — сьмяецца трэнэр каманды Ўладзімір Сяргеевіч Рэва. — Ліга чэмпіёнаў ёсьць Ліга чэмпіёнаў. Гэта самы высокі форум, да якога можа імкнуцца гулец асобна, каманды ўвогуле і трэнэр у прыватнасьці».
Празь лёсаваньне «Менск» атрымаў у супернікі «Барсэлёну», зь якой ужо гулялі ў 1/16 тры гады таму. Сёлета першы матч у гасьцях скончыўся паразай: 5:0 на карысьць каталёнскай каманды.
«Калі пасьля 1/8 прыехалі, — кажа нападаючая Юлія Дубень, — я заходжу ў агульную групу ФК „Менск“ „УКантакце“, і там было напісана: „На жаль, саступаем Барсэлёне, лік 0:5“. Там было сем камэнтароў, я ўжо была гатовая, зараз напішуць: „Ганьба! Дзеўкі нічога ня ўмеюць! Я ўпэўнены, жаночы футбол непатрэбны, няхай баршчы вараць, няхай дзяцей нараджаюць!“ Аднак там было зусім інакш. Адзін напісаў: „Нічога страшнага, 1/8 — гэта ўжо штосьці! У нас мужыкі да такога ніколі не даходзілі! Ня вешайце насы, усё атрымаецца, гэта вопыт, у любым выпадку“. Я так зьдзівілася!»
«Які сэнс тусавацца з хлопчыкамі, калі можна ісьці да дзяўчатак?»
Для Юлі гэта ўжо пятая Ліга, а ў ФК «Менск» яна трапіла з Мазыра. Дзяўчынцы сказалі: «Забіраем і кропка», і праз тыдзень яна ўжо была ў Менску. Пачынала ганяць у футбол, як усе, у двары, і трэніравалася спачатку з хлопчыкамі.
«Пасьля даведалася, што ёсьць жаночая каманда. Дык які сэнс тусавацца з хлопчыкамі, калі можна ісьці да дзяўчатак?»
«А я з хлопчыкамі гуляла, адна дзяўчынка, — далучаецца Анастасія Папова, паўабаронца. — У мяне брат старэйшы, і, натуральна, у двары зь яго сябрамі гулялі ў мяч. Увогуле, падчас матчу „Барсэлёна“ нічога звышнатуральнага не рабіла, але ў іх зусім іншы ўзровень, таму што там усё пачынаецца зь дзіцячага футболу. А ў нас да апошняга часу хадзілі па школах і ў 15–18 год забіралі дзяўчат у каманды».
«Барсэлёна» — чатырохразовы чэмпіён Гішпаніі і леташні фіналіст Лігі чэмпіёнаў. ФК «Менск» — сяміразовы чэмпіён Беларусі. У клюбным рэйтынгу УЭФА ў «Барсэлёны» 3-е месца супраць 26-га ў «Менску» (зрэшты, у мінулым годзе месца было 41-е, а яшчэ раней — 50-е). Але такая няроўнасьць трэнэра не турбавала — у спорце гэта цікавы выклік.
«Калі параўноўваць мужчынскую каманду ФК „Менск“ і жаночую, то гэта зямля і неба ў пляне дасягненьняў і вынікаў»
Насьця кажа, што ў Эўропе футбол на мужчынскі і жаночы ўжо ня дзеляць. Але агулам там іншая футбольная рэлігія, і матч жаночых камандаў — гэта сьвята: куча людзей, сьцягі, дудкі, усе крычаць і пляскаюць. Юля дадае, што гуляць з такім суправаджэньнем было крута, нават нягледзячы на тое, што заўзелі за каманду-суперніцу.
«На сёньняшні дзень УЭФА кажа пра тое, што пры мужчынскіх камандах, якія гуляюць на эўраарэне, павінен будзе зьявіцца жаночы сэгмэнт, — кажа Рэва. — БАТЭ, „Брэст“, „Менск“, „Дынама“ павінны будуць мець сваю жаночую каманду, таму што іх проста не зарэгіструюць — гэта будзе патрабаваньне для тых, хто гуляе ў Эўракубках. „Рэал“ ужо набыў каманду, якая ў Першай лізе гуляла, „Манчэстэр Юнайтэд“ — ну, яны патрацілі на куплю жаночай каманды, як два колы ад Фэрары прадалі, ім не балюча ў гэтым сэнсе. Беларусам будзе складаней, таму што ўзяць няма адкуль (жаночую каманду. — РС). Ну, БАТЭ ў мяне можа набыць, але я не прадам! (сьмяецца)».
Уладзімер Сяргеевіч таксама абвяргае плёткі пра магчымае зьліцьцё з ФК «Дынама-Менск». Размова пра гэта ішла падчас сустрэчы гендырэктара ФК «Менск» Ігара Шлойды і мэра Менску Анатоля Сівака: Менгарвыканкам працягне займацца ўсёй структурай ФК «Менск».
«Проста калі параўноўваць мужчынскую каманду ФК „Менск“ і жаночую, то гэта зямля і неба ў пляне дасягненьняў і вынікаў!» — кажа Рэва.
«Першае пытаньне: „Як вы прыйшлі ў футбол?“, другое: „Ці ёсьць у вас у камандзе лесьбіянкі?“»
Чэмпіянат па футболе сярод жанчын у Беларусі праводзіцца з 1992 году. Зараз гуляюць восем камандаў. Сёлета Ўладзімер Базанаў, старшыня «Беларускай асацыяцыі футболу», у інтэрвію «Народнай Волі» сказаў, што за разьвіцьцё жаночага футболу будзе адказваць яго першы намесьнік Юры Вяргейчык. Дарэчы, на думку Вяргейчыка, «футбол — гэта не жаночы від спорту; прызначэньне жанчын — нараджаць», а калісьці ён абяцаў нават «накрыць банкет», «калі зусім прыбяром жаночы футбол».
Ёсьць перадузятасьць і сярод беларускіх спартовых СМІ: камэнтуючы жаночы футбол, яны часьцяком падаюць навіны пад сэксісцкімі загалоўкамі, ацэньваючы зьнешнасьць, а не гульню, і акцэнтуючы сэксуальную арыентацыю футбалістак.
«Вельмі даўно гэта ўжо ледзьве не другое пытаньне, — кажа Насьця. — Першае: «Як вы прыйшлі ў футбол?», другое: «Ці ёсьць у вас у камандзе лесьбіянкі?»
«Напісалі, што „прыгажуня з „Чэлсі“ забіла пяткай“? — перапытвае Юля. — Ну, яна прыгажуня, таму што яна ў „Чэлсі“ гуляе. Вось з-за гэтага яна прыгажуня!»
«Згодная! Гэта зайздрасьць пэўная: ён жыве ў Беларусі, а яна грае ў „Чэлсі“ і забівае пяткай! — сьмяецца Насьця. — Увогуле, няхай піяраць такімі загалоўкамі».
«У мужчынскіх камандах у чэмпіянаце Беларусі заробкі вышэйшыя — гэта ўжо гістарычна склалася...»
Падчас інтэрвію Аляксандар Томін, прэс-сакратар ФК «Менск», кажа, што матч з «Барсэлёнай» пад пытаньнем, бо гішпанскія футбалісткі бастуюць супраць заніжаных заробкаў. Пратэсты ў жаночым футболе пачаліся каля двух год таму са зборнай Даніі. Сёлета далучыліся амэрыканкі, якія яшчэ ў сакавіку пачалі судзіцца са сваёй фэдэрацыяй футболу. Там чатырохразовыя чэмпіёны сьвету судзяцца за роўную з мужчынскай зборнай аплату працы.
«У мужчынскіх камандах у чэмпіянаце Беларусі заробкі вышэйшыя, чым у жаночых, — прызнаецца Аляксандар Томін. — Гэта ўжо як бы гістарычна, сацыяльна склалася».
«Канечне, заробкі істотна адрозьніваюцца. Я ўпэўнена, як бы нам што ні казалі, і ў нашых мужчын (у мужчынскай каманды ФК „Менск“. — РС) дастаткова высокія заробкі, — кажа Юля. — Пра грошы — гэта туды, у Эўропу, у „Барсэлёну“, у „Чэлсі“, дзе прыгажуні гуляюць!»
«У нас ціхае і спакойнае жыцьцё без нулёў, — дадае Насьця. — Даб’емся чагосьці, як „Барсэлёна“ ў фінале, і будзем баставаць».
Аляксандру зноў тэлефануюць: цяпер ужо каб супакоіць і сказаць, што гульня з «Барсэлёнай» усё ж адбудзецца, бо афіцыйна баставаць пачнуць зь лістапада.
«Сказалі, што нават заўзятары прыяжджаюць — 50 чалавек з барабанам!»
Размова зноў вяртаецца да тэмы пустых трыбун: нацыянальнаму футболу пякельна не хапае падтрымкі. Уся футбольная каманда марыць пра фанатаў ад трыбуны да трыбуны, сьцягі і воплескі. Але, як сказала Насьця, якая можа быць наведвальнасьць, калі матч апоўдні?
«У 2016 годзе, калі гулялі з „Барсэлёнай“, прыйшлі фанаты „Барсы“ і пабачылі: „О, тут жаночы футбол! Дык яны яшчэ і клясна гуляюць!“ — кажа Томін. — Увогуле, зараз ёсьць такая хваля, жанчыны падтрымліваюць жанчын. Але гэта больш на Захадзе разьвіта, там прыходзяць на стадыён шмат жанчын менавіта на жаночы футбол. А ў нас... У нас і на мужчынскі ня ходзяць».
Хатні матч з «Барсэлёнай» адбудзецца 30 кастрычніка а 16:00. Падтрымаць каманду можна будзе на стадыёне ФК «Менск» на вуліцы Маякоўскага, 127/3, уваход бясплатны.