Студэнту горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы стала блага падчас перапынку ўдзень 24 кастрычніка. Яшчэ трох студэнтак забралі ў шпіталь.
Сьмерць А. ад мэнінгіту Свабодзе пацьвердзілі некалькі студэнтаў.
У Міністэрстве аховы здароўя Свабодзе таксама пацьвердзілі сьмерць студэнта — папярэдне, ад вострай формы мэнінгіту.
«У Горадню тэрмінова выехаў галоўны спэцыяліст ў інфэкцыйных хваробах Мінздароўя прафэсар Ігар Карпаў. Аднак дакладна казаць аб прычыне сьмерці пакуль рана. Што тычыцца шпіталізацыі астатніх, гэта звычайная практыка — абсьледаваць усіх, хто быў у кантакце з памерлым», — патлумачыла прэсавая сакратарка Міністэрства здароўя Юлія Барадун. Летась ад вострай формы мэнінгіту ў Беларусі памерлі 6 чалавек.
А. было 19 гадоў. Ён вучыўся на фізыка-тэхнічным факультэце.
Сябры, якія бачылі яго ў апошнія дні, кажуць, што хлопец ня скардзіўся на стан здароўя. Напярэдадні сьмерці, 23 кастрычніка, ён гуляў у баскетбол. Ранкам 24 кастрычніка таксама не выклікаў падазрэньняў, што хварэе.
«У нейкі момант ён проста ўпаў, і ўсё. Ня стала яго... Ён быў таварыскім. І проста ў адзін момант хоп — і яго няма», — кажа сябар А., які просіць не называць ягонага імя.
Усё адбылося падчас перапынку ў адным з карпусоў унівэрсытэту.
Пра тое, што прычынай сьмерці стаў мэнінгіт, студэнтам сказаў дэкан факультэту. Да таго ж блага стала яшчэ тром дзяўчынам, іх забралі ў шпіталь. Ці пацьвердзіўся ў іх такі ж дыягназ, невядома.
Студэнтам 2 і 3 курсаў аб’явілі, што 25 кастрычніка да іх прыедзе мэдыцынская камісія, каб узяць аналізы на наяўнасьць мэнінгакокавай інфэкцыі.
Па словах аднаго са студэнтаў, моладзь напалоханая і плянуе не ісьці ў пятніцу на пары. Але пра карантын ва ўнівэрсытэце пакуль гаворкі не ішло.
Разьвітаньне з памерлым адбудзецца 26 кастрычніка.