Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь апусьцілася ў рэйтынгу Doing Business. Беларускі ўрад лічыць 49-ю пазыцыю «заніжанай» 


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У новым рэйтынгу Сусьветнага банку Doing Business –​ 2020 заняла 49-е месца сярод 190 краінаў сьвету. У параўнаньні зь мінулым годам Беларусь апусьцілася ў рэйтынгу на 12 пазыцый.

У 2018 годзе Беларусь, наадварот, паднялася на 37-ю пазыцыю з пазалеташняй 38-й.

Цяпер Беларусь адстае ў рэйтынгу практычна ад усіх краінаў-суседзяў, акрамя Ўкраіны:

  • Літва — 11-е (у параўнаньні з 2018 годам паднялася на 3 радкі),
  • Эстонія — 18-е (апусьцілася на 2 радкі),
  • Латвія — 19-е (рэйтынг зь мінулага году не зьмяніўся),
  • Расея займае 28-е месца (паднялася на 3 радкі),
  • Польшча — 40-е (апусьцілася на 7 радкоў),
  • Украіна — 64-е (паднялася на 7 радкоў).

Адстае Беларусь і ад большасьці партнэраў па Эўразійскім эканамічным саюзе. Напрыклад, Казахстан палепшыў свае пазыцыі ў рэйтынгу, падняўшыся з 28-е на 25-е месца з 2018 году, Армэнія займае 47-е месца і таксама апярэджвае Беларусь (апусьцілася з 41-й пазыцыі). Найгоршыя паказьнікі сярод краінаў ЭАЭС мае Кіргізстан — 80-е месца (летась займаў 70-е месца).

На першай пазыцыі ў глябальным рэйтынгу Doing Business ужо чацьвёрты год запар Новая Зэляндыя, на другім — Сынгапур, на трэцім — Ганконг. У дзясятку краінаў з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай дзейнасьці таксама ўваходзяць Данія, Паўднёвая Карэя, ЗША, Грузія, Вялікая Брытанія, Нарвэгія і Швэцыя.

Найгоршыя ўмовы для вядзеньня бізнэсу ў Самалі — краіна займае апошні, 190-ы радок у рэйтынгу.

Сукупная ацэнка рэйтынгу Doing Business складаецца зь 10 паказьнікаў: рэгістрацыя прадпрыемстваў, атрыманьне дазволаў на будаўніцтва, падключэньне да сыстэмы электразабесьпячэньня, рэгістрацыя ўласнасьці, атрыманьне крэдытаў, абарона мінарытарных інвэстараў, падаткаабкладаньне, міжнародны гандаль, забесьпячэньне выкананьня кантрактаў і дазвол неплатаздольнасьці (даступнасьць працэдуры банкруцтва).

З гэтай нагоды Міністэрства эканомікі Беларусі выступіла з адмысловым камэнтаром, у якім ставіць пад сумнеў некаторыя высновы Сусьветнага банку.

Так, паводле аналітыкаў ведамства, умовы для ажыцьцяўленьня міжнароднага гандлю на працягу апошніх гадоў у Беларусі ацэньваюцца як найлепшыя сярод чальцоў ЭАЭС — 24 месца. Для параўнаньня, Армэнія — 43, Кыргызстан — 89, Расея — 99, Казахстан — 105.

Згодна з мэтадалёгіяй Сусьветнага банку, рух у рэйтынгу «Вядзеньня бізнэсу» адбываецца адносна іншых удзельнікаў. Такім чынам, зьніжэньне пазыцыі Беларусі шмат у чым тлумачыцца дынамікай краін, якія больш актыўна паляпшалі ўмовы вядзеньня бізнэсу па дзесяці кантраляваных кампанэнтах.

У той жа час па 9 зь 10 паказьнікаў пазыцыі Беларусі адносна ўласных вынікаў мінулага году палепшыліся або засталіся на ранейшым узроўні і толькі па адным зьнізіліся.

У 2018-2019 гадах прыняты шэраг захадаў дзеля лібэралізацыі ўмоваў вядзеньня прадпрымальніцкай дзейнасьці, якія не ахопленыя дасьледаваньнем Сусьветнага банку. Напрыклад, справаздача не адлюстроўвае такія аспэкты дзелавога клімату як макраэканамічная стабільнасьць, дэкрыміналізацыя эканамічных рызык, аптымізацыя кантрольна-нагляднай дзейнасьці, стварэньне ўмоваў для прыцягненьня замежных інвэстыцый.

Беларусі ўрад мае намер працягнуць рэалізацыю комплексу рэформаў, у тым ліку на падставе станоўчага досьведу іншых краін і рэкамэндацый Сусьветнага банку, адзначаецца ў камэнтары Мінэканомікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG