Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запісваюць, не пытаючы, расейскую мову хатняй, патрабуюць імя па-расейску. Якія хібы ў перапісу-2019


Архіўнае фота. Перапіс-2009
Архіўнае фота. Перапіс-2009

З 4 па 30 кастрычніка ў Беларусі праходзіць перапіс насельніцтва, за 6 дзён у ім узялі ўдзел 1,5 мільёна чалавек, больш за 600 тысяч перапісаліся праз інтэрнэт. Свабода сабрала хібы, пра якія распавялі ўдзельнікі.

Аўтаматычна запісваюць хатняй расейскую мову

У Сьветлагорску перапісчыкі запісалі мясцоваму жыхару Пятру Пяцко мовай, на якой ён гаворыць дома, расейскую (пра выпадак ён расказаў «Нашай Ніве». Калі спадар Пяцко пачаў абурацца, перапісчыцы адказалі, што «ўсім так запісваюць».

Пра такія праблемы кажуць і іншыя ўдзельнікі перапісу, якія праходзілі яго не ў інтэрнэце.

Просяць перакласьці беларускае імя

Гісторыка Язэпа Янушкевіча перапісчыца, якая завітала да яго ў Ракаве, папрасіла перакласьці імя «Язэп», каб было «па-расейску, як у пашпарце». Не дапамог нават чытацкі білет з Нацыянальнай бібліятэкі. Пра гэта спадар Янушкевіч піша ў сябе на старонцы ў «Фэйсбуку».

«...Каб не адрывацца ад пільнай працы (людзі на замову чакаюць ад мяне зьвестак гістарычных) — шукаць свой пашпарт і даказваць нешта, — сказаў маладзіцы, што мне проста цяжка ў дадзены момант зразумець, чаму мы ня можам у Беларусі паразумецца роднай мовай маёй... На тым і разьвіталіся», — апісвае фінал гісторыі спадар Янушкевіч.

У першы ж дзень лёг сайт перапісу

4 кастрычніка, калі пачаўся перапіс, былі перабоі ў працы сайта, на якім можна перапісацца праз інтэрнэт. Праблему прызналі ў Белстаце.

«Гэта зьвязана з тым, што вельмі шмат людзей адначасова ўваходзяць на сайт. І тыя, хто хацеў бы перапісацца, і тыя, хто хоча проста паглядзець ці пачытаць. Кампанія, якая абслугоўвае сайт, падлічыла, што заходзяць 70 тысяч чалавек за сэкунду», — сказала Свабодзе прэс-сакратарка Тацяна Лапкоўская.

Беларусы, якія год не былі на радзіме, ня могуць перапісацца

Паводле правілаў перапісу прыняць у ім удзел нельга, калі ўжо год ня быў на радзіме. Гэта супярэчыць тэзе, што перапісу падлягаюць усе грамадзяне Беларусі. Беларусы, якія жывуць не ў Беларусі, абурыліся такім рашэньнем арганізатараў перапісу.

«Не выключаю, што гэта зроблена дзеля таго, каб зьменшыць колькасьць галасоў за беларускую мову, — дапускае ён. — Прынамсі, нейкага іншага сэнсу я ня бачу. Так склаліся абставіны, што людзі апынуліся за мяжой, але яны працягваюць жыць Беларусьсю і ў любы момант могуць вярнуцца назад. Усё залежыць ад сытуацыі — і асабістай, і той дзяржавы, дзе яны жывуць», — выказаў думку доктар навук Захар Шыбека, якія цяпер жыве ў Ізраілі.

Жанчыны мусяць пазначыць пляны на дзяцей

Жанчыны мусяць адказаць перапісчыкам, колькі дзяцей яны плянуюць нараджаць. Многіх жанчын такое пытаньне абурыла — «навошта дзяржаве ведаць такія падрабязнасьці?» Абурыла гэта і некаторых мужчын, бо пытаньне стаіць так, нібыта яны ня ўдзельнічаюць у плянаваньні і гадаваньні дзяцей. Для іх у перапісных лістах пытаньня пра дзяцей проста няма.

Фармулёўка пытаньня пра родную мову

Яшчэ адна хіба, якой абураліся грамадзяне, — фармулёўка пытаньня пра родную мову. «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)?» — менавіта такое пытаньне стаіць у анкеце. Такая фармулёўка, на думку ўдзельнікаў перапісу можа заблытаць, бо родная мова — гэта ня ў меншай ступені пытаньне ідэнтыфікацыі, чым засвоеных у раньнім дзяцінстве ведаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG