Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навошта такі падарунак страчваць?» Скульптуру Вітаўта з-пад замкаў у Горадні прыбралі, але адновяць


Драўляную скульптуру князя Вітаўта, якая каля 30 гадоў стаяла паміж Новым і Старым замкамі ў Горадні, забралі на рэканструкцыю. Яе абяцаюць вярнуць на тое ж месца да канца году.

Скульптура Вітаўта. Архіўнае фота
Скульптура Вітаўта. Архіўнае фота

Як патлумачыў намесьнік дырэктара Горадзенскай гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Сямашка, фігуру прыбралі, бо яна моцна нахілілася і магла ўпасьці на мінакоў, бо яе аснова падгніла. Скульптуру высушаць натуральным шляхам. Пасьля яе агледзяць спэцыялісты, пачысьцяць, апрацуюць ад шкоднікаў і паставяць на тым жа месцы. Адзінае — памяняюць спосаб мацаваньня, каб Вітаўт стаяў больш устойліва. Магчыма, аднаўленьнем зоймецца вядомы горадзенскі скульптар Мікалай Скляр.

Што да расколінаў, якія відаць на скульптуры, то Сяргей Сямашка мяркуе, што яны не пагражаюць помніку, бо старое дрэва ўжо болей не расколецца.

Драўляную скульптуру князя Вітаўта Вялікага падарыў Горадні Літоўскі фонд культуры ў 1990-я гады. Прадстаўнік ЖКГ запэўніў, што скульптуру адновяць, а ня выкінуць.

«Навошта такі падарунак страчваць?» — адказаў ён.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG