Амэрыканскі мільярдэр і філянтроп, былы кіраўнік кампаніі Microsoft, Біл Гейтс заявіў у інтэрвію нямецкаму выданьню Welt, што зьмены клімату прымусяць мільярд жыхароў Афрыкі шукаць лепшага жыцьця на Поўначы.
Фундацыя Біла і Мэлінды Гейтсаў дзейнічае ў Афрыцы і ад пачатку сваёй працы, як сьцьвярджаюць Гейтсы, ім удалося ўратаваць ад сьмерці 26 млн. чалавек. Фундацыя змагаецца з эпідэміяй СНІД, малярыяй і сухотамі.
Паводле Біла Гейтса, вырашаць праблемы насельніцтва Афрыкі перашкаджаюць зьмены клімату.
— У Афрыцы, бедных краінах на поўдзень ад Сахары, каля 40% дзяцей галадаюць. Вельмі часта іхныя бацькі — гэта звычайныя сяляне. Іх каля 700 млн чалавек. У 2040 годзе гэтыя людзі перажывуць удвая больш пэрыядаў неўраджаю, чым сёньня, менавіта з прычыны экстрэмальных зьяваў надвор'я.
У наступныя гады, лічыць Гейтс, празь зьмены клімату іх ураджаі будуць значна меншымі. Афрыка найбольш жорстка адчуе наступствы зьмены клімату, хоць яна найменш спрычыняецца да таго, што ён мяняецца.
— У самай беднай частцы Афрыкі жыве сёньня амаль мільярд чалавек. У канцы стагодзьдзя іх будзе 3 мільярды. Немагчыма, каб усе яны трапілі ў разьвітыя краіны. Таму мы мусім палепшыць іхныя ўмовы жыцьця там, дзе яны жывуць. Калі нам удасца гэта зрабіць, то, магчыма, мы здолеем захаваць status quo на Зямлі.