Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закапалі жыўцом: у суд перадалі справу аб полацкім забойстве з удзелам трох падлеткаў


Месца забойства, 22 красавіка
Месца забойства, 22 красавіка

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня крымінальнай справы аб забойстве ў Полацку, учыненым ноччу 22 красавіка.​

Паводле сьледчых, той ноччу ў забітага 26-гадовага мужчыны ў гасьцях былі тры хлопцы, яны ўсе расьпівалі сьпіртное. Госьці пасварыліся з гаспадаром, нанесьлі яму цялесныя пашкоджаньні лапатай, скралі маёмасьць, а каб утаіць злачынства, закапалі цела гаспадара ў двары.

«Згодна з заключэньнем камісійнай судова-мэдычнай экспэртызы, сьмерць пацярпелага наступіла ад мэханічнай асьфіксіі ў выніку закрыцьця дыхальных шляхоў грунтам і ад адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы, — пішуць сьледчыя. — Гэта сьведчыць пра тое, што мужчына быў пахаваны жыўцом».

Усе тры фігуранты пад вартай. Дзеяньні 17-гадовага і 18-гадовага абвінавачаных кваліфікавалі паводле ч.3 арт. 207 КК РБ (разбой, учынены групай асобаў, з нанясеньнем цяжкага цялеснага пашкоджаньня) і ч.2 арт. 139 КК РБ (забойства з асаблівай жорсткасьцю, учыненае групай асобаў, спалучанае з разбоем). Матэрыялы справы накіравалі ў суд.

Асобна вылучаная крымінальная справа адносна трэцяга фігуранта, якому 20 гадоў. Ён таксама прыцягнуты ў якасьці абвінавачанага, але ў Расеі і паводле расейскага заканадаўства — за «наўмыснае нанясеньне цяжкай шкоды здароўю, што пацягнула за сабой сьмерць па неасьцярожнасьці». Цяпер разглядаюць пытаньне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь.

Паводле ч.2 арт. 139 КК РБ прадугледжаныя пакараньні аж да пажыцьцёвага зьняволеньня і расстрэлу. Але сьмяротнае пакараньне ў Беларусі ўжываецца толькі да тых, хто ўчыніў злачынства пасьля надыходу 18 гадоў (на момант злачынства маладзейшым было 16 і 17 гадоў). Непаўналетнім могуць прысудзіць максымум 12 гадоў турмы. За забойства празь неасьцярожнасьць могуць асудзіць на тэрмін да 15 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG