Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС адрэагавала на законапраект Анісім аб прыпыненьні сьмяротнага пакараньня


Плякат супраць сьмяротнага пакараньня, архіўнае фота
Плякат супраць сьмяротнага пакараньня, архіўнае фота

Алена Анісім зрабіла выснову зь ліста новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева: ён не прыхільнік адмены сьмяротнага пакараньня.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім атрымала адказ зь Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі на сваю заканадаўчую ініцыятыву аб прыпыненьні ўжываньня сьмяротнага пакараньня.

«На жаль, ліст міністра мяне не задаволіў. Там прыводзяцца нормы заканадаўства, датычныя сьмяротнага пакараньня. Гаворыцца, што злачынцаў не абавязкова прысуджаюць да сьмяротнага пакараньня, ёсьць і іншыя варыянты, калі ім пакідаюць жыцьцё. З кантэксту адказу я бачу, што новы міністар — не прыхільнік адмены пакараньня сьмерцю. Міністэрства ня хоча нешта мяняць у гэтай справе», — сказала Свабодзе дэпутатка.

Алена Анісім накіроўвала свой законапраект «Аб прыпыненьні ўжываньня пакараньня ў выглядзе сьмяротнай кары» ў міністэрствы юстыцыі і ўнутраных спраў Беларусі.

У ім прапануецца не выконваць сьмяротныя прысуды да поўнай адмены такога пакараньня, а асуджаных на іх накіроўваць у тыя ж умовы, у якіх утрымліваюцца асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Раней Міністэрства юстыцыі ў сваім адказе ня выказала пярэчаньняў адносна законапраекту, але назвала пытаньне «дыскусійным» і нагадала, што ў Нацыянальным сходзе ўжо ўтворана працоўная група, якая займаецца праблематыкай сьмяротнага пакараньня.

27 жніўня адбудзецца пасяджэньне працоўнай групы. Алена Анісім сказала, што будзе прысутнічаць на дыскусіі і выкажа там свае меркаваньні.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG