Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Лукашэнка могуць зацьвердзіць «паглыбленьне інтэграцыі» да 8 сьнежня, — Сямашка


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Беларускі амбасадар і адмысловы прадстаўнік Беларусі ў пытаньнях інтэграцыйнай супрацы ў так званай «саюзнай дзяржаве» Ўладзімер Сямашка, як піша​ РИА Новости, назваў дату, да якой кіраўнікі Беларусі і Расеі могуць зацьвердзіць праграму інтэграцыі: 8 сьнежня 2019 году.

Прэм’ер-міністры ўжо парафіявалі праграму 6 верасьня. Як заявіў Сямашка, да 1 лістапада мае быць распрацаваная 31 «дарожная мапа» ў розных кірунках інтэграцыі. Раней міністар эканомікі Беларусі ўжо анансаваў, што Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін маюць падпісаць праграму ў сьнежні, але канкрэтная дата не называлася.

Дэталі праграмы не раскрываліся — быў хіба «працёк» праз расейскае выданьне «Коммерсантъ», сапраўднасьць якога не пацьвердзілі. Паводле Сямашкі, цяпер ідзе праца над «дарожнымі мапамі» адзінай прамысловай і навуковай палітыкі.

«Нашыя сувязі будуць яшчэ цясьнейшымі, каб быць мацнейшымі і жыць у лепшых умовах», — перакананы Сямашка.

Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі», як прызнаў беларускі бок, няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.

У канцы 2018 году расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.

Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «Шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».

Беларусь не адмовілася ад «паглыбленьня інтэграцыі», але выкананьне ўмоваў «ультыматуму Мядзьведзева» не анансавалася. Самі дамовы яшчэ не падпісаныя — плянуецца, што праграму інтэграцыі кіраўнікі Беларусі і Расеі падпішуць у сьнежні.

Расея ж настойвае, што падатковы манэўр гэта ейная «сувэрэннае права», а патрабаваньне кампэнсацыі некарэктнае. Акрамя таго, Беларусь усё яшчэ чакае ад Расеі кампэнсацыю за брудную нафту, а расейскі бок не пагаджаецца зь беларускімі разьлікамі ўчыненай шкоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG