Упершыню нашчадкі кантара горадзенскай сынагогі Шымэна Любіча наведалі Горадню. Яны зьехаліся з Мэксыкі і Ізраілю, каб убачыць месцы, дзе жылі і адкуль не змаглі ўратавацца многія іхнія продкі. Шымэн застаўся падчас вайны ў Горадні, выжыў і стаў шэф-кухарам у ізраільскім войску.
Вандроўка да каранёў стала падарункам да 80-годзьдзя маці
У вялікае падарожжа сабралася кампанія зь дзевяці чалавек. Галоўная сярод іх — маленькая жанчына з кіёчкам Дыяна Фэйнсод. Днямі яна мае адсьвяткаваць 80-годзьдзе. Вандроўка на радзіму продкаў стала падарункам да юбілею і аб’яднала раскіданых сваякоў. Яны выбраліся некуды разам упершыню за 40 гадоў.
Разам з Дыянай паехалі чацьвёра ейных дзяцей — Дэніэл, Рубэн, Хана і Абрахам, а зь імі Рубэнава жонка Наталі і іхняя дачка Сімон, Ханін муж Ары і сын Абрахама — Джонатан. Цяпер толькі Хана і Ары жывуць у Мэксыцы, рэшта крэўных пераехалі ў Ізраіль.
Вандроўка заплянаваная на 11 дзён. Хоць іхнія продкі жылі ў межах невялікай тэрыторыі, цяпер гэта тры краіны — Літва, Беларусь і Польшча.
Бацька Дыяны Хаім Пэрэльман паходзіць зь літоўскага Коўна, пазьней жыў у Вільні. Маці Сара Ніселевіч — родам зь літоўскай Алі́ты (Alytus). Муж Дыяны Самуэль Фэйнсод памёр два гады таму. Ягоны бацька Абрахам Фэйнсод быў родам з польскай Кузьніцы, а маці Іда Любіч — з Горадні.
З родным братам Іды Шымэнам Любічам зьвязаная адна з самых кранальных гісторый гэтай сям’і.
Елі лушпіньне ад бульбы
Іда Любіч, бабуля чатырох чалавек, якія наведалі Горадню, была адной з прыкладна дзесяці дзяцей у сям’і. Сярод іншых у яе былі два браты Шымэн і Рубэн. Іхны бацька Давід працаваў на абутковай фабрыцы і служыў у польскім войску. Дзеці амаль ня памяталі, каб ён бываў дома. Верагодна, сям’я жыла на левым беразе Нёмана, бо часта трэба было пераплываць цераз раку.
Сям’я ганарыцца тым, што ў Горадні іхнія сваякі сябравалі зь сям’ёй Шапіраў. Адзін з выхадцаў з гэтай сям’і, Мошэ Хаім Шапіра, пазьней будаваў дзяржаву Ізраіль, падпісваў дэклярацыю аб яе незалежнасьці, займаў розныя міністэрскія пасады — аховы здароўя, іміграцыі, унутраных спраў, рэлігій, працы і сацыяльных паслугаў.
Па ўспамінах Іды, Горадня была вялікім горадам, дзе габрэі складалі да паловы 50-тысячнага насельніцтва. Іхняя сям’я належала да сярэдняй клясы. Бабуля Іда расказвала, што ў Горадні была вялікая сынагога (захавалася да сёньня) і некалькі меншых сынагог (зруйнаваныя), габрэйская школа і яшыва.
Аднак пасьля Першай усясьветнай вайны ў Горадні панавала беднасьць, людзі галадалі і шукалі, куды зьехаць.
«Мая бабуля Іда Любіч расказвала, што ў Горадні не было чаго есьці. Яны елі лупіны ад бульбы, варылі зь іх суп. Хоць там было шмат каштанаў, яны ня ведалі, што яны вельмі пажыўныя, аддавалі іх коням», — кажа Хана.
Некаторыя продкі сям’і Любіч-Фэйнсод зьехалі ў Мэксыку яшчэ да ІІ усясьветнай вайны. Іда выехала ў 1929 годзе і месяц плыла цераз акіян. Яна пражыла да 89 гадоў.
Прыкладна ў гэты ж час бацька Дыяны Хаім ехаў зь Літвы ў Мэксыку. Ён распавядаў, як у Партугаліі ў порце яму далі зьесьці нешта дзіўнае, доўгае і жоўтае.
«Ён раней ніколі ня бачыў бананаў. Фрукты ў супэрмаркетах тады не прадаваліся», — усьміхаецца Дыяна.
Сорак гадоў таму частка сям’і Фэйнсод пераехала з Мэксыкі ў Ізраіль.
«Мы зьехалі з Мэксыкі, бо не адчувалі сябе там як дома. Мы адрозьніваліся ад мясцовых. У нас крыху сьвятлейшая скура. Да таго ж гэта каталіцкая краіна. Мы паехалі бліжэй да каранёў», — тлумачыць Дэніэл.
Шымэн сьпяваў у тэатры лялек і ў сынагозе
Аднак у цяжкія часы з Горадні зьехалі ня ўсе сваякі.
Хана дастае нататкі на гішпанскай мове і пачынае доўгі расповед пра свайго стрыечнага дзядулю Шымэна.
Шымэн нарадзіўся ў 1907 годзе. Ён быў музычна адораны. Пачаў сьпяваць з васьмі гадоў. Меў голас сапрана. Быў кантарам у вялікай горадзенскай сынагозе. Ягоны малодшы брат Рубэн, які таксама ня зьехаў з Горадні, сьпяваў у малой драўлянай сынагозе. Шымэн вучыўся ў Менску. Пазьней ён выступаў у горадзенскім тэатры лялек, быў опэрным сьпеваком.
У 23 гады Шымэн ажаніўся з Рушкай, дзяўчынай з багатай горадзенскай сям’і. Ейныя сваякі працавалі на тытунёвай фабрыцы. У іх нарадзілася двое дачок — Ідка і Сара-Зэльфа.
Шымэн удзельнічаў у падпольлі супраць нацыстаў, трапіў у палон і выжыў у канцлягеры.
У гэты час, у 1941 годзе, усю ягоную сям’ю ў Горадні — маці, жонку, дачок, брата Рубэна і братавую — схапілі і адвезьлі ў Асьвенцім. Там усе загінулі.
фота 4 Сям’я Фэйнсод каля ўваходу ў горадзенскае гета
Пасьля вайны Шымэн перабраўся ў лягер для бежанцаў на мяжы Нямеччыны і Францыі. У 1947 годзе яму дапамаглі перайсьці мяжу і трапіць у Францыю.
Там ён ажаніўся другі раз з францужанкай негабрэйскага паходжаньня. Ягоная жонка зацяжарала, але мужу нічога не сказала і зрабіла аборт. Калі Шымэн пра гэта даведаўся, то разьвёўся.
«Гэта вельмі сумная частка ягонай гісторыі. Ён ніяк ня мог зразумець, як можна зрабіць аборт, бо ён і так страціў дзьвюх сваіх дачок», — працягвае аповед Хана.
Стаў адным з найлепшых кухараў у ізраільскім войску
У 1948 годзе Шымэну ўдалося дабрацца да Мэксыкі і ўбачыцца са сваімі сёстрамі. Пазьней ён пераехаў у Ізраіль.
Там спачатку быў простым кухарам у арміі, але пазьней пачаў вельмі добра гатаваць і зрабіўся адным з шэф-кухараў. Гатаваў ня толькі на штодзень, але і для ўрачыстых імпрэзаў.
Ён двойчы атрымліваў узнагароды як найлепшы кухар — у 1975 і 1980 гадах.
Сваякі ўзгадваюць, што ён неверагодна смачна гатаваў.
«Я вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Ерусаліме, а ён езьдзіў на вайсковым джыпе. Калі людзі ва ўнівэрсытэце бачылі, што едзе вайсковы джып, то ведалі, што гэта мой дзядзька едзе ва ўнівэрсытэт і прывязе шмат шакаляду», — узгадвае Абрахам.
«На пахаваньні было шмат генэралаў, якіх ён карміў»
«Калі Шымэн толькі прыехаў у Ізраіль, ён быў вельмі халодным, сур’ёзным, самотным чалавекам. Але цягам гадоў навучыўся давяраць ізноў сваёй сям’і, клапаціцца, мець сувязі. Ён быў дзядулем для кожнага з нас», — кажа Хана.
Ейны родны дзед Абрахам памёр у маладым веку, унукі яго ніколі ня бачылі.
Шымэн таксама сьпяваў у адной з найбуйнейшых сынагог Ізраілю.
Аднак, нягледзячы на гэта, жыў надалей вельмі сьціпла. Наймаў нават не кватэру, а адзін пакой. Спаў на вузкім ложку. Пасьля яды зьмятаў са стала і еў крошкі.
«Я яму казала: „Шымэн, ёсьць жа яшчэ хлеб“. Але ён ведаў цану кожнаму граму хлеба», — успамінае Дыяна.
«Ён меў вельмі цяжкое жыцьцё. Выжываў, а ня жыў. Мы можам слухаць пра гэта, але мы ніколі гэтага не зразумеем», — дадае Дэніэл.
«І ён скончыў свой шлях у 1985 годзе. Яму было 78 гадоў», — Хана пачынае плакаць.
«Ён памёр блізка да сваіх каранёў. На ягоным пахаваньні было шмат генэралаў, якія вельмі яго любілі», — кажа Абрахам.
У гонар Шымэна Рубэн і Наталі назвалі сваю дачку Сімон.
«Усё яшчэ жывыя»
У Горадні сям’я наведала сынагогу, габрэйскія могілкі, тэатар лялек. На могілках яны знайшлі тры надмагільлі з прозьвішчам Любіч. Ці гэта іхняя радня, невядома. Бо ўсе або павыяжджалі за мяжу, або загінулі ад нацыстаў.
Перад імі яшчэ шлях у польскую Кузьніцу і шэраг літоўскіх гарадоў, зьвязаных са сваякамі.
«Урэшце мы тут. Ходзім па тых жа вуліцах. Усё яшчэ жывыя. Нас шмат. Мы жывём у моцнай краіне зь вельмі моцным войскам. І па-габрэйску мы кажам: „Ніколі зноў“», — кажа Рубэн.