Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не даспадобы людзям, то калі ласка». У Відзах з «памятнага знаку» дэмантавалі герб Расейскай імпэрыі


Так выглядаеў памятны знак з выявай герба Расейскай імпэрыі, усталяваны ў цэнтры мястэчка Відзы
Так выглядаеў памятны знак з выявай герба Расейскай імпэрыі, усталяваны ў цэнтры мястэчка Відзы

З памятнага знаку, усталяванага ў цэнтры мястэчка Відзы Браслаўскага раёну ў гонар заснаваньня 1 верасьня 1803 году Відзаўскага павятовага вучылішча, зьнялі выяву герба Расейскай імпэрыі і ўсе надпісы.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў дырэктар Відзаўскага дзяржаўнага прафэсійна-тэхнічнага каледжу Міхаіл Сьмірноў.

Памятны знак з выявай герба Расейскай імпэрыі ўсталяваны ў цэнтры мястэчка Відзы Браслаўскага раёну ў гонар заснаваньня 1 верасьня 1803 году Відзаўскага павятовага вучылішча. На ім па-расейску напісана, што вучэльня заснавана па ўказе цара Аляксандра І.

«Надпісы зьнялі на тым тыдні самі», — сказаў дырэктар. Ён дадаў, што кіраўніцтва навучальнай установы «запусьціла працэдуру афармленьня», каб высьветліць, што можна пісаць на камені.

«Няхай нам дадуць рэкамэндацыі, будзем па-новаму рабіць. Але ў навучальнай установы і ў дзяцей нельга адымаць гісторыю», — сказаў Міхаіл Сьмірноў.

Паводле дырэктара, цяпер «проста напісалі, што гэта студэнцкі сквэр».

«Не даспадобы людзям, то калі ласка», — сказаў ён.

Фатаздымак памятнага знаку з выявай царскага герба зьмясьціў у фэйсбуку журналіст Зьміцер Казакевіч, які сам родам зь Відзаў. Памятны знак выклікаў абураныя камэнтары ў сацсетках і публікацыі ў СМІ.

На плятформе petitions.bу быў арганізаваны збор подпісаў за дэмантаж у Відзах каменя з гербам Расейскай імпэрыі.

Міністэрства культуры разам з Інстытутам гісторыі НАН разгледзела калектыўны зварот і прыйшло да высновы, што «быў выяўлены шэраг гістарычных супярэчнасьцяў у надпісе на памятным знаку». Міністэрства накіравала ліст у Браслаўскі райвыканкам і Віцебскі аблвыканкам з патрабаваньнем «прыняць захады па факце ўсталяваньня памятнага знаку з парушэньнем дзейнага заканадаўства».

Міхаіл Сьмірноў лічыць, што выяўленыя гісторыкамі супярэчнасьці «ня вартыя выедзенага яйка».

«У розных крыніцах напісана ўсё па-рознаму. Усё гэта называецца словаблудзтвам. Проста непрыемна, што ёсьць людзі, гатовыя зрабіць усё, каб памяняць гісторыю. Але гісторыю не падманеш. Мы працэдуру запусьцілі, і няхай гісторыкі яшчэ раз папрактыкуюцца ў сваіх ведах. Герб Расейскай імпэрыі мяне хвалюе менш за ўсё. Мяне хвалюе гістарычная справядлівасьць і гісторыя навучальнай установы, як і ўвесь калектыў», — сказаў Міхаіл Сьмірноў.

Намесьніца старшыні Браслаўскага райвыканкаму Вольга Вялічка сказала, што герб Расейскай імпэрыі на камень больш ня вернуць.

«Калі гэта няправільна,то не ўстановяць», — сказала яна.

Вольга Вялічка дадала, што не давала ўказаньняў дэмантаваць герб і надпісы.

«Мы проста паразмаўлялі ў рабочым парадку, кіраўнік сказаў, што перагледзім. Відаць, яны зразумелі, што памыліліся, няправільна зрабілі», — сказала яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG