Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны магілёўскі міліцыянт сядзіць з тымі, каго правакаваў на наркатычныя злачынствы


Капітан міліцыі Іван Пацёмкін (справа) 14 студзеня 2016. З сайту магілёўскай абласной міліцыі публікацыі са згадкай пра асуджанага міліцыянта выдаленыя. Фота захавалася ў вэб-архіве
Капітан міліцыі Іван Пацёмкін (справа) 14 студзеня 2016. З сайту магілёўскай абласной міліцыі публікацыі са згадкай пра асуджанага міліцыянта выдаленыя. Фота захавалася ў вэб-архіве

Былы начальнік раённага аддзелу наркакантролю з Магілёва Іван Пацёмкін адбывае 10-гадовае пакараньне з тымі, каго правакаваў на парушэньне закону і каго ў выніку асудзілі за наркотыкі. Адміністрацыя папраўчай установы загадала ім, каб былога міліцыянта не чапалі. Пра гэта расказала Свабодзе маці аднаго з асуджаных, які сядзіць у той жа калёніі, што і Пацёмкін.

Паводле жанчыны, былы міліцыянт спрычыніўся да зьняволеньня яе непаўналетняга сына, сьведчыў супраць яго ў судзе і мае такі самы тэрмін пакараньня. З умовай, што ў матэрыяле будуць зьмененыя ейнае і сынава імёны, яна пагадзілася падзяліцца перажытым.

«Паўналецьце адзначыў у няволі. Віны не прызнаў»

Як апавядае Сьвятлана, яе 17-гадовы сын Ян апынуўся ў «распрацоўцы» аддзелу наркакантролю Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва ў 2016 годзе. У лютым яму патэлефанаваў знаёмы, зь якім не было кантактаў паўтара года, і папрасіў забраць у яго грошы, якія ён вінаваты іхнаму агульнаму прыяцелю Дзьмітрыю. Патлумачыў, што сам аддаць ня можа, бо ляжыць у псыхіятрычнай лякарні. Ян пагадзіўся. Праз два месяцы яго арыштавалі і абвінавацілі ў распаўсюдзе і ўжываньні наркотыкаў у групе асобаў.

Па словах Сьвятланы, на сьледзтве сын даведаўся, што перададзенымі ім грашыма разьлічыліся за наркотыкі, якія былі ў схованцы. Хто зрабіў закладку, так і ня высьветлілі. Момант жа перадачы грошай Янам Дзьмітрыю фіксавалі на відэа апэратыўнымі супрацоўнікамі, сярод якіх быў і Пацёмкін. Так Ян стаў удзельнікам злачыннай групоўкі.

Ян незадоўга да арышту
Ян незадоўга да арышту

Арыштавалі яго ў красавіку 2016 году. У сьледчым ізалятары прабыў паўгода. Там адзначыў паўналецьце. У верасьні Ленінскі суд Магілёва прызнаў яго вінаватым у распаўсюдзе і ўжываньні наркотыкаў у групе асобаў і адправіў у калёнію на 10 гадоў. Сьвятлана кажа, што сын не прызнаў віны. У апошнім слове ён сказаў, што схібіў, калі пагадзіўся дапамагчы прыяцелю, ня высьветліўшы ў яго прызначэньне грошай, якія меўся перадаць. На судзе «саўдзельнікаў» Яна не было, хоць іхныя імёны фігуравалі ў справе. Супраць хлопца сьведчылі трое міліцыянтаў.

Як Пацёмкін апынуўся за кратамі

Магілёўскі абласны суд разглядаў справу супраць капітана міліцыі Пацёмкіна ў 2018 годзе у закрытым рэжыме. Матэрыялы яе захоўваюцца пад грыфам «Сакрэтна» і зьяўляюцца дзяржаўнай тайнаю.

Пра ягонае зьняволеньне паведаміў сёлета 28 жніўня Генэральны пракурор Аляксандар Канюк. Асуджаны «для паляпшэньня паказчыкаў працы правакаваў грамадзян, уцягнутых у незаконнае абарачэньне наркатычных і псыхатропных рэчываў, на іх набыцьцё і злоўжываньне дзеля далейшага затрыманьня і прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці».

Іншых дэталяў справы Аляксандар Канюк раскрываць ня стаў.

Свабода даведалася, што Івана Пацёмкіна прызналм вінаватым у незаконным абарачэньні наркатычных рэчываў з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў (частка 3 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі (арт. 426).

Родныя Пацёмкіна лічаць, што ён стаў ахвяраў сыстэмы, а справаю супраць яго займаўся КДБ. Спробы абскардзіць пакараньне не далі плёну.

Маці асуджанага хлопца: «Абвінавачаньне ў злачынстве за наркотыкі ўспрымалася як недарэчнасьць»

Сьвятлана кажа, што даведалася пра абвінавачваньне сыну ў красавіку 2016 году, калі да іх наведаліся міліцыянты Пацёмкін і Маісееў ды папрасілі праехаць у Сьледчы камітэт. У машыне раілі Яну ўспомніць, што ён рабіў у лютым. Адразу яны не назваліся супрацоўнікамі наркакантролю.

Магілёўская турма №4. У ёй сьледчы ізалятар, у якім падазраваны ў злачынстве за наркотыкі правёў паўгода
Магілёўская турма №4. У ёй сьледчы ізалятар, у якім падазраваны ў злачынстве за наркотыкі правёў паўгода

«Сын у машыне даводзіў мне, што незаконнага нічога не рабіў, а калі я даведалася, адкуль міліцыянты і што Ян замешаны ў справе з наркотыкамі, то была ў шоку», — успамінае падзеі трохгадовай даўнасьці Сьвятлана.

Яна кажа, што абвінавачваньне ўспрымала як недарэчнасьць. Лічыць, што сынавы знаёмыя былі адэкватнымі маладымі людзьмі і ніхто зь іх не займаўся наркотыкамі.

Сьвятлана ўспомніла хлопца, які папрасіў сына дапамагчы з аддаваньнем пазыкі. Той таксама пэўны час быў у адной кампаніі зь Янам. Але, калі стала вядома пра ягоную нарказалежнасьць, зносіны зь ім спынілі. Зрэдку ён яшчэ зьяўляўся, але ненадоўга, а потым зьнік і праз паўтара года зноў патэлефанаваў Яну.

Пацёмкін спрабаваў «псыхалягічна націснуць і выклікаць да сябе сымпатыю»

Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце Яна арыштавалі, а ў кватэры, дзе ён жыў з маці, правялі ператрус. Сьвятлана кажа, што неўзабаве да яе прыйшоў Пацёмкін. Тады ён быў яшчэ шараговым апэратыўным супрацоўнікам аддзелу наркакантролю Ленінскага РАУС Магілёва. Ён спрабаваў «псыхалягічна націснуць і выклікаць да сябе сымпатыю».

«Пацёмкін пачаў з таго, што сын у ізалятары налыса пастрыжаны, кепска выглядае і ўжо ў шэрай робе. Прасіў, каб ён здаў саўдзельнікаў. Пераконваў, каб я ня брала адваката, бо выкіну грошы на вецер. Сын жа атрымае 12 гадоў, зьмяніць ужо нічога нельга», — апавядае Сьвятлана.

Пазьней на спатканьні Ян пацьвердзіў, што ў яго быў Пацёмкін. Хлопец сказаў маці, што міліцыянт застаўся незадаволеным, што ён «ня хоча супрацоўнічаць са сьледзтвам». Калі Ян адмовіўся прызнаваць віну, Пацёмкін нібыта прыгразіў яму, «што зробіць усё, каб у маці канфіскавалі маёмасьць».

«„Сакрэтнасьць“ справы міліцыянта ўскладняе абскарджаньне выраку»

Сьвятлана кажа, што Пацёмкін сьведчыў у судзе супраць сына. Настойвалі на ягонай віне яшчэ двое ягоных калег, сярод якіх быў Маісееў. Паводле яе, міліцыянты паводзілі сябе нахабна і разьняволена. Яны былі ўпэўненыя, што Яну дадуць 10 гадоў і ня ўтойвалі, што на яго хацелі яшчэ «нешта павесіць, але ён не паддаўся». З гэтага яна зрабіла выснову, што справа супраць сына — вынік правакацыі міліцыянтаў.

Гэта апошняе фота Яна на волі
Гэта апошняе фота Яна на волі

Па словах Сьвятланы, адвакат, калі пазнаёміўся з матэрыяламі сынавай справы, ня ўтойваў, што абвінавачаньні належным чынам падрыхтаваныя і дамагчыся мякчэйшага пакараньня будзе цяжка.

«Суд нават не разглядаў варыянт пакараньня Яна паводле 1-й ці 2-й часткі 328-га артыкулу, якія прадугледжваюць меншы тэрмін пакараньня. Адразу прысудзіў тое, што было інкрымінавана сыну на пачатку — 3-ю частку 328-га артыкулу, якая ў 2016-м прадугледжвала пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі», — адзначае Сьвятлана.

Спробы абскардзіць Янава пакараньне ў вышэйшых судовых інстанцыях плёну не далі. Сьвятлана лічыць, што пасьля таго, як Пацёмкіна асудзілі, зьявіўся шанец апратэставаць вырак суду. Адвакат жа лічыць, што «сакрэтнасьць» справы міліцыянта ўскладняе сытуацыю з пратэстам.

«На закрытым працэсе ўтойвалі мэханізм уцягваньня людзей у незаконнае абарачэньне наркотыкаў»

Пра затрыманьне Пацёмкіна Сьвятлана даведалася на мяжы 2017-га і 2018-га гадоў. Яна лічыць, што былога міліцыянта асудзілі справядліва, але не прымае таго, што працэс супраць яго быў закрытым.

«Чаму з справы Пацёмкіна зрабілі сакрэт, а нашых дзяцей нахабна абліваюць гразьзю на адкрытых судах і садзяць на шалёныя тэрміны? — абураецца суразмоўца. — Нішчаць іхнае фізычнае і псыхічнае здароўе. Дык няхай усе і пра справу Пацёмкіна ведаюць».

Сьледчы камітэт у Магілёве
Сьледчы камітэт у Магілёве

Сьвятлана мяркуе, што на закрытым працэсе супраць Пацёмкіна ўтойваўся мэханізм уцягваньня людзей у незаконнае абарачэньне наркотыкаў. Паводле яе, той чалавек, які ляжаў у вар’ятні і якому сын прывёз грошы, супрацоўнічаў зь міліцыяй. На судзе не таілі, што і яму «нядоўга хадзіць на свабодзе». На працэсе яго не было.

З былым міліцыянтам сядзяць 12 чалавек, якія апынуліся ў няволі зь ягонай «дапамогай»

Сьвятлана зьдзівілася, калі даведалася са справы Пацёмкіна, што ён кіраваў аддзелам наркакантролю. Жанчына лічыць, што яго маглі прызначыць на гэтую пасаду неўзабаве пасьля суду над сынам.

«Прабыў ён у начальніках нядоўга, мо крыху больш за год. Мне вядома, што і другі супрацоўнік наркакантролю, які вінаваціў сына ў распаўсюдзе наркотыкаў, Маісееў, таксама звольнены з органаў, але што зь ім, невядома», — кажа Сьвятлана.

Паводле яе, сядзіць Пацёмкін у адной калёніі з асуджанымі за наркотыкі. Сярод іх 12 чалавек, якія апынуліся ў вязьніцы зь ягонай «дапамогай», кажа суразмоўца.

«З кожным гаварыла кіраўніцтва калёніі і дало зразумець, што чапаць яго ня варта, бо былы міліцыянт на асаблівым становішчы», — адзначае Сьвятлана.

«Стаўленьне да асуджаных за наркотыкі не зьмянілася»

Паводле Сьвятланы, за тры гады сынавай няволі стаўленьне да асуджаных паводле наркатычных артыкулаў не зьмянілася. Яны, як і раней, маюць зялёныя біркі. Абмежаваньняў у іх больш, чым у іншых катэгорыяў зьняволеных. Ім даюць працу, якая горш аплочваецца.

«Хлопцы з апошніх сілаў стараюцца вызначыць сабе мэты, неяк акрэсьліваць пэрспэктывы, але ў іх ня дужа добра выходзіць», — кажа яна.

Паводле яе, сын наракае, што асуджаным за наркотыкі псыхалягічна і маральна дужа цяжка. У Яна «паніклы позірк і вочы без жыцьця», адзначае яна. Пастаяннае нэрвовае напружаньне адчуваецца, калі сустракаецца зь ім.

Спасылаючыся на сынавы словы, Сьвятлана адзначае, што Пацёмкін можа выйсьці на свабоду пра 3-4 гады. Астатнія ж будуць сядзець «ад званка да званка».

Плякат руху «Маці-328» ў вёсцы Высокае, Менская вобласьць
Плякат руху «Маці-328» ў вёсцы Высокае, Менская вобласьць

Адзін з тысячы асуджаных за наркотыкі

У 2016 годзе за незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў асудзілі 1089 чалавек паводле 2-й, 3-й, 4-й і 5-й частак 328-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. У наступныя гады, паводле афіцыйных крыніц, садзіць за наркотыкі сталі меней.

У 2017 годзе ў камэнтары Свабодзе юрыст Міхаіл Пастухоў адзначаў, што адпраўным пунктам у жорсткім стаўленьні да затрыманых за наркотыкі стаў дэкрэт прэзыдэнта № 6 «Аб неадкладных захадах у супрацьдзеяньні незаконнаму абарачэньню наркотыкаў». Ён пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 году.

2 верасьня 2019 году Аляксандар Лукашэнка дапусьціў магчымасьць зьменаў у антынаркатычным заканадаўстве і прызнаў, што «дзесьці мы, напэўна, перагнулі».

«Што да антынаркатычнага заканадаўства, мы пераканаліся, што мы жарсткавата гэта зрабілі. Адпусьцім, але трохі», — удакладніў ён.

20 жніўня на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў Аляксандар Лукашэнка ўчыніў разнос на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Спасылаючыся на сакрэтны даклад, ён заявіў пра фальсыфікацыі «наркатычных» крымінальных спраў з боку сьледчых і пракурораў.

Па словах Лукашэнкі, у людзей «часам складваецца ўражаньне, што супрацоўнікаў праваахоўных органаў найперш цікавяць не жыцьцё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфэктыўнасьць іхнай працы», а фальсыфікацыі такія, што «лепей бы вы не пачыналі гэтыя крымінальныя справы».

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG