29 жніўня Менск наведвае дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан. Візытаў амэрыканскіх урадоўцаў такога ўзроўню за 25 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі яшчэ не было. Госьць сустрэнецца з кіраўніком Беларусі і міністрам замежных справаў, каб «абмеркаваць пытаньні рэгіянальнай бясьпекі і падкрэсьліць падтрымку ЗША сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі».
Сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі ці грамадзянскай супольнасьці не анансаваліся. Свабода спытала ў былых кандыдатаў на прэзыдэнта,
- як яны ацэньваюць гэты візыт
- што хацелі б сказаць спадару Болтану пры сустрэчы.
«Гэта выгадна для Беларусі»
Станіслаў Шушкевіч, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-1994:
1. Усе кантакты, якія адбываюцца з цывілізаванымі краінамі, з магутнымі краінамі, выгадныя для Беларусі. Таму добра, што адбываецца візыт Джона Болтана.
2. Я нічога не сказаў бы спадару Болтану, бо ён мае пэўныя намеры. І здагадвацца, што гэта за намеры, мне вельмі цяжка. Тут ужо так многа варыянтаў у інтэрнэце, што я не хачу іх дапаўняць сваімі здагадкамі. Я ня так добра арыентуюся ў стасунках паміж Беларусьсю і ЗША і шкадую, што яны на нізкім узроўні. Дык мо яны павысяцца дзякуючы гэтаму візыту.
Я думаю, што трэба падымаць адносіны да ўзроўню амбасадара і мець шырокія кантакты з наймагутнейшай дзяржавай. З ЗША трэба мець шырокія, добрыя стасункі, так, як мы пачыналі. Іх загубіў Лукашэнка. Я думаю, гэты крок можа быць пачаткам паляпшэньня стасункаў паміж Беларусьсю і ЗША.
«ЗША нельга губляць неацэнны скарб маральнага лідэрства»
Мікола Статкевіч, лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010:
1. Калі разважаць з гледзішча агульнадзяржаўных інтарэсаў, гэта плюс, бо ЗША паказваюць зацікаўленасьць у незалежнасьці Беларусі. Гэта невялікая, чыста сымбалічная дапамога і ўвага, бо мы разумеем, што сымбалічныя крокі не абароняць нас ад спробаў анэксіі.
Трэба ўвесь час памятаць, што галоўная прычына гэтай пагрозы, галоўная пагроза незалежнасьці — гэта той самы Лукашэнка, зь якім сустракаецца спадар Болтан. Бо ён ніколі нічога не рабіў і ня робіць для ўмацаваньня незалежнасьці, умацаваньня краіны, яе самастойнасьці. Для яго важная толькі свая асабістая ўлада.
Але нават не зважаючы на гэта, гэта станоўчы крок, які паказвае, што ЗША зразумелі важнасьць беларускай незалежнасьці.
2. Я сказаў бы, што ЗША доўгія дзесяцігодзьдзі былі сымбалем свабоды ў сьвеце. Яны былі лідэрамі барацьбы за свабоду і дэмакратыю. Гэта важная ідэалёгія, якая прыцягвала да іх сымпатыі мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце. Калі пачынаць гуляць з дыктатарамі, не зважаць на правы чалавека, на свабоду і дэмакратыю ў іншых краінах, то можна страціць гэты статус. І ператварыцца проста яшчэ ў адну вялікую краіну, якая змагаецца за рынкі і геапалітычны ўплыў. І чым тады для беларусаў ЗША будуць адрозьнівацца ад Кітаю? Я думаю, нельга губляць гэты неацэнны скарб маральнага лідэрства.
«Беларусь ёсьць найважнейшым стратэгічным пунктам для рэгіёну і для Эўропы»
Андрэй Саньнікаў, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010:
1. Гэта плюс.
2. Па-першае, я сказаў бы, што беларуская нацыянальна арыентаваная апазыцыя мае плян, як умацаваць бясьпеку ў рэгіёне. На маю думку, гэта асноўнае, што турбуе амэрыканцаў сёньня, і з гэтай нагоды Болтан і прыехаў у Беларусь. Першым элемэнтам гэтага пляну ёсьць свабодныя, дэмакратычныя выбары. І калі ЗША падтрымаюць такую першую частку, то практычным умацаваньнем бясьпекі ў рэгіёне будзе гэта, а не размовы з дыктатарам. Бо ёсьць вялікі досьвед размоваў Захаду з Лукашэнкам, і ніколі ён сваіх абяцаньняў не выконваў.
Я б таксама падтрымаў тэндэнцыю, якая цяпер зьявілася ў стратэгічных дасьледаваньнях ЗША: Беларусь ёсьць найважнейшым стратэгічным пунктам для рэгіёну і для Эўропы. Мы пра гэта казалі ўжо шмат разоў. Безумоўна, вельмі вялікая вага Ўкраіны ў пытаньнях бясьпекі, але калі казаць пра каталізатары і пра тыя стратэгічныя пункты, якія могуць зьмяніць сытуацыю ў рэгіёне, то гэта Беларусь. І ўся наша гісторыя сьведчыць пра гэта.
«У Беларусі патрэбная альтэрнатыва на ўсіх узроўнях»
Тацяна Караткевіч, адна зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2015:
1. Гэта вельмі станоўчая падзея для краіны, бо мы выступаем за пашыраны дыялёг, за адказнае суседзтва і партнэрства з рознымі краінамі, у тым ліку і з ЗША.
2. Калі мы кажам, што хочам супрацоўнічаць у сфэры эканомікі, то варта памятаць, што эканамічнае разьвіцьцё заўсёды залежыць ад палітычнага. Таму ў нашай краіне патрэбная альтэрнатыва на ўсіх узроўнях кіраваньня і прыняцьця рашэньняў, ад мясцовых дэпутатаў да дэпутатаў парлямэнту. Бо менавіта палітыка, улік галасоў грамадзянаў забясьпечваюць эканамічную стабільнасьць і разьвіцьцё. У тым ліку і на міжнародным узроўні.
Шкада, што ў спадара Болтана пакуль не атрымаецца сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, бо такі дыялёг іншыя краіны павінны весьці ў двух кірунках — з уладамі і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.