Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У сувязі зь нерэнтабэльнасьцю». У магілёўскай школе скасавалі набор у 10 клясу за некалькі дзён да 1 верасьня


Сярэдняя школа № 9
Сярэдняя школа № 9

Кіраўніцтва магілёўскай сярэдняй школы № 9 адмаўляецца набіраць вучняў у 10 клясу. Бацькі заяўляюць, што адміністрацыя навучальнай установы загадзя не папярэджвала пра такія намеры. Адпраўляць дзяцей у іншыя школы адмаўляюцца.

СШ № 9 — адзіная ў Магілёве навучальная ўстанова, у якой у інтэграваных клясах вучацца дзеці з праблемамі слыху. Школу ўжо хацелі былі закрываць, але бацькі яе адстаялі.

Бацькі: адміністрацыя школы заяўляе, што 10 кляса нерэнтабэльная

Як сьцьвярджае адзін з бацькоў Сяргей Цітаўцоў, дырэктар школы ў прыватнай гутарцы заявіў яму, што разам з бухгальтарам і эканамістам «прыняў унутранае рашэньне аб нерэнтабэльнасьці 10 клясы, бо ў ёй хочуць вучыцца толькі 10 чалавек». Яшчэ двое школьнікаў, па яго словах, на хатнім навучаньні. Пры тым 9 клясаў скончылі больш за 20 вучняў.

Сяргей кажа, што пісьмовага апавяшчэньня пра адсутнасьць у школе 10 клясы адміністрацыя навучальнай установы не дасылала. Паводле яго, дырэктар заявіў: калі бацькі самі не забяруць дакумэнты са школы, то атрымаюць іх па пошце.

Паводле Сяргея Цітаўцова, сытуацыю ў школе яны апісалі ў кнізе скаргаў і прапановаў самой навучальнай установы і ў аддзеле адукацыі Ленінскага раёну. У гарадзкім упраўленьні адукацыі яму сказалі: калі ён не атрымліваў пісьмовага паведамленьня са школы пра адсутнасьць набору ў клясу, то мае поўнае права вучыць у ёй дзіця.

Упраўленьне адукацыі: у сытуацыі разабраліся

Дырэктар школы Аляксандар Сёмачкін адразу назваў заявы бацькоў «няпраўдай», але сваю пазыцыю тлумачыць адмовіўся. Параіў зьвярнуцца па тлумачэньні ва ўпраўленьне адукацыі гарвыканкаму. Там, у сваю чаргу, адказалі, што «ў сытуацыі разабраліся і ўсе засталіся пры сваіх інтарэсах».

«Ніхто нікога не пазбаўляе права на адукацыю. Будуць вучыцца там, дзе выбралі», — запэўнівае супрацоўніца ўпраўленьня адукацыі.

Дырэктар школы — бацькам: дзеці прыйдуць на лінейку, і мы скажам, што клясы ня будзе

У апошні дзень прыёму дакумэнтаў, 28 жніўня, бацькі зноў наведалі школу. Прыйшлі і тыя, хто раней ужо забраў дакумэнты. Прымаць у іх заявы на навучаньне дырэктар адмовіўся.

«Мой сын адвучыўся тут 9 гадоў, і я хачу, каб ён яе скончыў. Тут ву́чыцца яшчэ адзін мой сын. Школа ў крокавай даступнасьці ад нашага дому, дык чаму трэба шукаць іншыя варыянты?» — абуралася пасьля сустрэчы з дырэктарам адна з наведніц.

Паводле бацькоў, Аляксандар Сёмачкін заявіў ім, што іхныя дзеці могуць прыйсьці на лінейку, але ім на ёй скажуць, што 10 клясы ня будзе. Ні на якае рашэньне ён пры гэтым не спаслаўся.

З журналістамі кіраўнік навучальнай установы адмовіўся гутарыць. Сказаў, што на гэта патрэбны дазвол упраўленьня адукацыі.

Пазьней бацькі сказалі Свабодзе, што ва ўпраўленьні адукацыі ім прызналіся, што 10 клясы ў сярэдняй школе № 9 ня будзе. Гэта нібыта зацьвердзяць на нарадзе, прысьвечанай пачатку навучальнага году.

Школу ўжо хацелі былі зачыняць, але тады бацькі яе абаранілі

Школа № 9 — непадалёк ад Ленінскага райвыканкаму, на ўскрайку мікрараёну Юбілейны. Ад яе да гарадзкога цэнтру пешшу 15 хвілін. Гэта адзіная ў горадзе навучальная ўстанова, у якой у інтэграваных клясах вучацца дзеці з праблемамі слыху. Аднак у 10 клясе такіх вучняў няма.

У канцы 2018 году ў школу хадзілі менш за 300 вучняў, хоць разьлічаная яна на 970. Сёлета яе хацелі зачыніць, а на яе базе адкрыць музычную школу. Бацькі выступілі супраць і дамагліся, каб засталося як было. У тым, што школа ня будзе рэарганізаваная, бацькоў запэўнілі на сходзе 14 траўня чыноўнікі з аблвыканкаму і гарвыканкаму. Свае гарантыі даваў бацькам і памочнік Лукашэнкі Міхаіл Русы.

У адным з адказаў паведамілі, што прымаць дакумэнты на навучаньне будуць з 12 чэрвеня па 28 жніўня. Бацькі кажуць, што чыноўнікі саступілі ім, каб праз год усё адно школу зачыніць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG