Шматдзетны бацька з Горадні Дзяніс Лук’янаў апынуўся ў бальніцы пасьля канфлікту зь міліцыяй на аўтамабільным фэстывалі SunDay. Пра трагічныя наступствы затрыманьня чалавека АМАПам паведамляе Эўрарадыё.
Як распавяла Эўрарадыё Дар’я, стрыечная сястра Дзяніса, пасьля фэсту яе 36-гадовага брата затрымаў АМАП. Мужчына быў крыху нападпітку, таму яго вырашылі даставіць у РАУС.
А па дарозе, расказввае Дар’я, Дзяніса завезьлі ў лес, дзе «патрэніраваліся на ім у валоданьні спэцыяльнымі прыёмамі».
«Па дарозе ў РАУС машыну спынілі каля лесу. Дзяніса вывелі з машыны і адвялі крыху ўглыб, за дрэвы. А там раптоўна пачалася карусэль: адзін за адным амапаўцы пачалі адпрацоўваць сваё прыёмы, пры гэтым яшчэ цешыліся і хваліліся адзін перад адным, маўляў, глядзі, як я магу! Працягвалася гэта некалькі дзясяткаў хвілін. Тое, што зьбівалі прафэсіяналы, дакладна зразумела, бо не засталося ніводнага заўважнага сіняка ці гематомы.
Брата пасьля перадалі міліцэйскаму нараду з участковым Сяргеем Карпуком, які дакладна ведаў, што там адбывалася. Калі ж мы паспрабавалі зьвязацца зь ім, то аказалася, што ён пайшоў у адпачынак і выйсьці на яго немагчыма».
Празь некалькі тыдняў Дзяніса шпіталізавалі — у яго пачаўся нэкроз цягліц на назе. Лекары правялі шэсьць апэрацый, Дзянісу ампутавалі частку нагі.
Цяпер, паводле Дар’і, інфэкцыя падбіраецца да ўнутраных органаў, і невядома, ці выжыве Дзяніс наагул.