Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі праграміст рассылаў сябрам прапановы ўзарваць мэтро


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праваахоўнікі выявілі аўтара паведамленьняў з прапановамі забраць выбухоўку і аднесьці яе на станцыю менскага мэтро.

Як сьцьвярджае ГУБАЗіК, паведамленьні пісаў 21-гадовы раней не судзімы жыхар Менску, які працуе праграмістам у прыватнай кампаніі. Прынамсі чатыром знаёмым праз мэсэнджэр (але зь не знаёмага ім нумару) ён прапаноўваў забраць пакет з самаробнай бомбай і аднесьці яго на адну са станцыяў мэтро.

У паведамленьнях ён абяцаў узнагароду ў 15 тысяч даляраў. А калі яны таго ня зробяць, аўтар пагражаў «расправай над блізкімі і родзічамі». Прынамсі адно з паведамленьняў было на ангельскай і арабскай мовах.

Ці была бомба, не паведамляецца. Але адначасова з пошукам аўтара паведамленьня праваахоўнікі назіралі за месцам, дзе прапаноўвалася забраць бомбу. Прынамсі, цяпер пра канфіскацыю выбухоўкі не паведамляецца.

Адносна аўтара паведамленьняў яшчэ не распачалі крымінальную справу — толькі перадалі зьвесткі сьледчым. Але міліцыя намякае на адказнасьць паводле артыкула за «фальшывае паведамленьне пра небясьпеку».

Мяркуючы па агучаным максымальным пакараньні, гаворка пра ч.1 арт. 340 КК РБ — там прадугледжваецца штраф, арышт, абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў. Другая частка артыкула тычыцца дзеяньняў, якія пацягнулі за сабой шкоду ў буйным памеры або іншыя цяжкія наступствы — верагодна, дзеяньні праграміста пад гэта яшчэ не падпадаюць.

Аднойчы бомбу ў менскім мэтро сапраўды падарвалі — ад выбуху 11 красавіка 2011 году на станцыі «Кастрычніцкая», загінулі 15 чалавек, былі параненыя яшчэ чатыры сотні. Дваіх прызналі вінаватымі і расстралялі.

Што важна ведаць пра «мінаваньне» будынкаў у Беларусі

Эвакуацыя на чыгуначным вакзале ў Менску, 31 сакавіка 2019
Эвакуацыя на чыгуначным вакзале ў Менску, 31 сакавіка 2019

Ад пачатку 2019 году за ілжывае мінаваньне будынкаў па ўсёй Беларусі завялі 35 крымінальных спраў. У ходзе іх расьсьледаваньня ўсталявалі 14 чалавек, датычных да падобных паведамленьняў, па шасьці крымінальных справах ужо прайшлі суды і вынесеныя прысуды. Расьсьледаваньні працягваюцца.

  • 31 сакавіка невядомы паведаміў, нібыта замінаваны чыгуначны вакзал, а таксама гандлёвыя цэнтры Galileo і «Замак».
  • 6 красавіка праз тэлефон сказалі, што ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» закладзена выбухоўка.
  • 27 красавіка абмежавалі рух менскага мэтро з прычыны «замінаваньня» станцыі «Ўручча». Пазьней увечары затрымалі чалавека, які меркавана зрабіў ілжывы званок.
  • 29 красавіка паведамлялася пра «мінаваньне» аэрапорту, вакзалу і гатэля ў Менску.

У 2018 годзе ў Беларусі міліцыя зафіксавала 23 ілжывых «паведамленьня аб небясьпецы», піша МУС Беларусі.

Паводле арт. 340 Крымінальнага кодэксу заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы можа карацца:

  • штрафам ці арыштам;
  • да 5 гадоў абмежаваньня волі;
  • ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG