Увесну і ўлетку невядомыя рассылалі паведамленьні пра выбуховыя прыстасаваньні ў больш як дзесяці розных пунктах Менску. Свабода сабрала ўсе аб’екты, якія пацярпелі ад такіх паведамленьняў, на адной мапе.
Хто «мініраваў»
Канкрэтных зьвестак пра арганізатараў і выканаўцаў няма. Але ў шмат якіх паведамленьнях, дасланых праз пошту, стаяў подпіс групоўкі Orwell. Такі ліст атрымала рэдакцыя onliner.by.
Карэспандэнту Свабоды ў Сьледчым камітэце паведамілі пра дзьве крымінальныя справы толькі за 19 жніўня.
«Прыйшлі лісты прыкладна такога ж зьместу, як атрымаў Onliner. Толькі яны прыходзілі з розных паштовых скрыняў», — сказала афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.
Раней ілжывыя паведамленьні пра мініраваньне ад імя гэтай групоўкі прыходзілі на пошту некалькіх СМІ ў Адэсе і Дняпры. Напрыклад, ад адэскага тэлеканалу «Першы гарадзкі» групоўка патрабавала «вываду караблёў NATO з Адэсы цягам сутак». Паведамленьне пра мініраваньне не пацьвердзілася. Групоўку не знайшлі.
Чалавеку, які паведаміў пра ілжэмініраваньне, можа пагражаць да 7 гадоў зьняволеньня. Гэта прадугледжвае 340 артыкул Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Чаму «мінёраў» пакуль не знайшлі
Паведамленьні ад Orwell прыходзілі праз паштовы сэрвіс ProtonMail, які быў створаны ў 2013 годзе. Гэта сэрвіс для канфідэнцыяльнай перапіскі, ён выкарыстоўвае адмысловы код шыфраваньня, а перахапіць паведамленьні ці адшукаць аўтара вельмі складана.
Колькі гэта каштуе Беларусі
Выезд адной сапёрнай групы ў межах Менску каштуе каля 300 рублёў. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў прэс-сакратар Унутраных войскаў МУС Уладзімір Пархомцаў. Гэта тычыцца буйных аб’ектаў. Фактычная сума можа быць яшчэ большай.
Прабег аднаго кілямэтра для адной пажарнай брыгады каштуе каля 1,5 рубля. На паведамленьне аб мініраваньні выяжджае некалькі такіх брыгадаў. Да таго ж страты нясе сам аб’ект — падчас эвакуацыі.
Напрыклад, аднаму з ілжэмінёраў, які паведаміў пра выбухоўку ў мэтро чатыры гады таму, налічылі штраф у 20 тысяч рублёў. Гэта кошт выезду сапёраў, хуткай, міліцыі, МНС і страты ад прастою цягнікоў.