Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Пальчыс: Telegram замяніў размовы на кухні, а сайты пасуюць толькі для доўгіх тэкстаў


Эдуард Пальчыс, архіўнае фота
Эдуард Пальчыс, архіўнае фота

Аналітычны рэсурс 1863x.com, які 5 гадоў таму стварыў блогер Эдуард Пальчыс, не абнаўляецца зь лістапада мінулага году. Свабода распытала блогера, ці рады ён, што яго чытаюць у Адміністрацыі прэзыдэнта і як Тэлеграм зьмяніў яго жыцьцё.

Што за сайт

Партал 1863x.com зьявіўся ўвосень 2014 году. Пальчыс, які тады хаваўся пад псэўданімам Джон Сільвер, публікаваў на ім рэзанансныя расьсьледаваньні і актуальныя палітычныя навіны. Неўзабаве і сам партал, і яго стваральнік трапілі пад пільную ўвагу сілавікоў. Эдуарда Пальчыса затрымалі ў Расеі, перадалі беларускай міліцыі і асудзілі на 1 год і 9 месяцаў так званай «хатняй хіміі». Усяго ў беларускім і расейскім СІЗА ён правёў каля 10 месяцаў.

Пасьля вызваленьня сайт зноў пачаў абнаўляцца. А сам Эдуард Пальчыс стаў прыкметным грамадзянскім актывістам. Разам з Антонам Матолькам і Паўлам Белавусам ён арганізоўваў Дзень Волі — 2018 і Дзень Волі — 2019.

Сам Эдуард паступова перамясьціўся ў Тэлеграм, дзе вядзе канал PALCHYS.

«Навіны сышлі ў сацсеткі»

— Што ўсё ж такі будзе з сайтам 1863x.com, ці закрыецца гэты праект?

— Праект — гэта проста сайт, ён не абнаўляецца зь лістапада. Але мая грамадзкая дзейнасьць не спынялася. Проста новыя артыкулы на сайце не выходзяць. За апошнія тры гады кароткія думкі, факты і навіны сышлі ў сацыяльныя сеткі. Сайт пасуе для вялікіх тэкстаў, лангрыдаў. Калі зьбіраліся праводзіць БНР-101, то не хапала часу шукаць нешта, пісаць расьсьледаваньні.

Быў выбар: альбо займацца грамадзкімі справамі, альбо ад іх адмовіцца і пісаць артыкулы. Я выбраў першае. Каб пісаць цікавыя расьсьледаваньні і палітычную, грамадзкую аналітыку, патрэбныя аўтары. А такіх людзей мала. Я спадзяюся, што ўвосень зьявіцца больш сілаў і часу і па асобных тэмах нешта грунтоўнае зрэдку будзе выходзіць.

— Навіны цяпер разыходзяцца хутчэй у сацсетках?

— Сеткі проста зручнейшыя для кароткіх фарматаў. Раней іх не было, і ўсё чыталі ў адным месцы, на сайце. Сёньня заходзіць з сацсеткі на сайт трэба альбо для эксклюзіўнай інфармацыі, альбо па фарматы для доўгага чытаньня. Гэта проста разьмежаваньне пляцовак.

«Улада зрабіла блогераў папулярнымі»

— Сёньня ёсьць блогеры, у якіх больш за 100 тысяч падпісчыкаў. Той жа NEXTA, да якога навіны часам трапляюць хутчэй, чым да традыцыйных СМІ. Чаму так? І ці будзе такая тэндэнцыя працягвацца?

— Па-першае, сама ўлада ў гэтым вельмі моцна дапамагла. У 2017 годзе пачалі блякаваць «Белпартызан», «Хартыю-97», і доля крытычна настроеных людзей пайшла ў сеткі, таму што настроі людзей не зьмяніліся. У NEXTA быў папулярны youtube-канал, і калі мы зьвярнулі ўвагу на гэтыя блякаваньні, мы зь невялікай групай людзей пачалі клікаць іншых заводзіць каналы ў Telegram. Спачатку людзі пыталіся: «Навошта гэта ўсё?». Але потым гэта зрабілася зручным інструмэнтам для абмену інфармацыяй. Тут жа трэба памятаць пра недавер да ўлады — людзі ня вераць паведамленьням ад імя ўлады. А ў Telegram пачалі абмяркоўваць тое, што людзі абмяркоўваюць звычайна на кухнях.

— У Telegram ёсьць канкурэнцыя?

— Мне здаецца, што яна ёсьць ва ўсіх, хто посьціць навіны. Топавыя каналы спаборнічаюць. Але я не адчуваю канкурэнцыі, я сам зацікаўлены, каб хто-небудзь што-небудзь пісаў. Я сам прыводзіў і прыводжу людзей у Telegram і піяру кагосьці. Чым больш людзей будуць пісаць думкі ці нейкія рэчы пра палітыку, тым лепш. Калі б у нас хапала палітызаваных блогераў, я б наагул пісаў толькі пра гісторыю.

— Можа, нешта ўжо плянуеце на БНР-102?

— Як будзе ў наступным годзе, пакуль не магу сказаць. Думаю, будзе ў любым выпадку, людзі вучацца арганізоўвацца. Мы на будучыню пакуль нічога не абяцалі, але заўсёды робім тое, што магчыма па абставінах.

Будзе яшчэ шмат іншых падзей: перапіс, перапахаваньне Каліноўскага. На ўсё разам трэба рэагаваць, і ня толькі блогерам.

«Гайкі заціскаюць, але па-іншаму»

— У адміністрацыю Лукашэнкі прызначылі новага галоўнага ідэоляга — Андрэя Кунцэвіча, маладога, які, дарэчы, на вас падпісаны ў сацсетках. Гэта каб ва ўладзе былі людзі, якія разьбіраюцца ў сацсетках?

— Важна, якое заданьне яму паставяць зьверху. Калі яму паставяць задачу рэпрэсіўнага пляну — гэта адно. Калі яму паставяць задачу ўмацоўваць ідэю незалежнасьці ў галовах — гэта іншае. Калі проста паставяць задачу наладзіць паток інфармацыі з інтэрнэту наверх — гэта трэцяе. Я і ня радуюся, і не засмучаюся. Усё будзе відаць па ўчынках.

— Калі сайт 1863x.com толькі запускаўся — і цяпер: калі параўнаць, улада «адкруціла гайкі» ці наадварот?

— Я бачу толькі закручваньне гаек: блякаваньне сайтаў, «справа БелТА», штрафы журналістам за супрацоўніцтва зь «Белсатам». Мяняецца форма ціску, але сутнасьць не зьмянілася, лібэралізацыі не адбылося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG