Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня. За адзін паход у краму беларус траціць 13,8 рубля


Аднадзённы розьнічны таваразварот на душу насельніцтва ў Беларусі у студзені-ліпені 2019 году — 13,8 рубля, паводле Белстату
Аднадзённы розьнічны таваразварот на душу насельніцтва ў Беларусі у студзені-ліпені 2019 году — 13,8 рубля, паводле Белстату

У студзені-ліпені 2019 году ў Беларусі аптовы таваразварот зьменшыўся, але розьнічны вырас да таго ж пэрыяду мінулага году, інфармуе Белстат.

Аптовы склаў толькі 96,4% да леташняга ў суадносных цэнах — гэта 55,4 млрд рублёў. Розьнічны ж вырас на 5,2% — да 27,7 млрд рублёў.

Беларусы сталі пакідаць у сярэднім на 1,3 рубля больш за адзін паход у краму: аднадзённы розьнічны таваразварот на душу насельніцтва ў Беларусі ў студзені-ліпені 2019 году склаў 13,8 рубля, то бок вырас на 10,4%.

Пры тым агульная інфляцыя выйшла меншай: індэкс росту спажывецкіх цэнаў студзеня-ліпеня 2019 году да студзеня-ліпеня 2018-га склаў толькі 5,9% (6,5% на харчовыя тавары, 3,9% на нехарчовыя, 7,3% на паслугі).

У росьце спажывецкіх цэнаў Беларусь абагнала Ўкраіну: ад пачатку году цэны ў Беларусі павялічыліся на 3,1%, ва Ўкраіне — на 3%, а вышэйшай інфляцыя была ва Ўзбэкістане (5,2%), Таджыкістане (4,9%) і Малдове (4%).

Праўда, за першую палову 2019 году грашовыя даходы беларусаў абагналі інфляцыю — вырасьлі на 7%.

Нацбанк заяўляў, што паскарэньне гадавой інфляцыі зьвязана з сэзонным ростам цэнаў на плодагароднінную прадукцыю.

Але Міністэрства гандлю адзначыла, што рост цэнаў на некаторыя тавары апярэджвае рост даходаў насельніцтва. Пакуль інфляцыя «ў межах прагназаванай траекторыі», але міністэрства бачыць пагрозу. Калі па выніках жніўня ў суадносінах цэнаў і заробкаў ня будзе станоўчых зьменаў, Мінгандлю будзе разглядаць пытаньне аб увядзеньні часовага рэгуляваньня цэнаў на «сацыяльна значныя тавары» — і сьпіс такіх тавараў нядаўна істотна пашырылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG