Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Латвіі заявіў, што не зьбіраецца купляць электраэнэргію зь БелАЭС


Будоўля Беларускай АЭС
Будоўля Беларускай АЭС

Прэм’ер-міністар Латвіі Крышаніс Карыньш абверг інфармацыю аб тым, што ўрад краіны нібыта ўхваліў рашэньне купляць электраэнэргію Беларускай АЭС.

Нядаўна Латвія вырашыла перанесьці гандаль электраэнэргіяй з трэцімі краінамі зь літоўскай на латвійскую мяжу. Яна будзе весьціся праз латвійскага апэратара электрасетак (AST).

Гэты крок быў патлумачаны прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам як жаданьне латвійскага ўраду стварыць сабе магчымасьці для куплі беларускай электраэнэргіі пасьля запуску БелАЭС у абыход Вільні, якая мае намер блякаваць паступленьне энэргіі зь беларускай станцыі ў Эўразьвяз. Карыньш назваў гэта непаразуменьнем.

«Баюся, ён можа быць не зусім дасьведчаны ў тым, што адбываецца. Магу паўтарыць, урад Латвіі не вырашаў купляць электраэнэргію ў Беларусі. Гэта зусім ня так», — прыводзіць ягоныя словы латвійскі сайт Skaties.

Паводле прэм’ера, Латвія цяпер набывае электраэнэргію з Расеі і Беларусі празь Літву. Аднак калі Літва рэалізуе свой плян блякаваньня беларускай электраэнэргіі, то сувязі могуць быць абарваныя. Таму Латвія вырашыла адкрыць латвійска-расейскую мяжу для ператоку электраэнэргіі, каб мець магчымасьць набываць яе ў Расеі.

Як раней сказаў Свабодзе выканаўчы дырэктар Асацыяцыі электраэнэргетыкі і энэргабудаўнікоў Латвіі Гунарс Валдманіс, рашэньне ўраду Латвіі было зьвязанае не зь БелАЭС і яно не азначае, што ўлады краіны будуць купляць электраэнэргію ў беларускага боку. На яго думку, інтэрпрэтацыя латвійскага рашэньня, агучаная Наўседам, — гэта перабольшаньне.

«Рашэньне ўраду Латвіі прадугледжвае, што будзе адкрытая гандлёвая зона паміж Латвіяй і Расеяй, — тлумачыў Валдманіс. — Гэта азначае, што гандляры, зарэгістраваныя на біржы электраэнэргіі, змогуць скарыстацца гэтымі лініямі электраперадачаў. Да гэтага часу гэта адбывалася празь Літву і беларуска-літоўскую мяжу. Але цяпер Літва хоча закрыць гэты шлях для гандлю, таму Латвія хоча адкрыць сваю мяжу. Гэта азначае толькі тое, што гандляры з Расеі і Беларусі тэарэтычна змогуць прадаваць электрычнасьць».

Ніякага пагадненьня аб куплі электрычнасьці зь БелАЭС няма, падкрэсьлівае Валдманіс, і ўрад Латвіі цяпер, наколькі яму вядома, не зьбіраецца заключаць такія дамовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG