Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа кажа, што рашэньне Латвіі супрацоўнічаць з Астравецкай АЭС, купляючы ў яе энэргію, яго асабліва не зьдзівіла. Як цьвердзіць літоўскі прэзыдэнт, спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС, толькі дэкляруючы пляны не купляць энэргію, ужо занадта позна.
«Спадзявацца толькі эканамічнымі рычагамі спыніць АЭС, якая пабудаваная ўжо на 90%, мабыць, скажам шчыра, крыху наіўна. Спыняць трэба было ў 2011–2012 гадах, калі мы яшчэ толькі падпісвалі камунікаты зь Беларусьсю ў галіне атамнай энэргетыкі», сказаў літоўскім журналістам Наўседа падчас візыту ў Бэрлін, дзе ён сустрэўся з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.
І ўсё ж прэзыдэнт Літвы паўтарыў, што Літва не мяняе сваёй рыторыкі ў дачыненьні да Астравецкай АЭС, а рашэньне Латвіі, паводле Наўседы, прадыктаванае палітычнымі прычынамі.
«Сёньня цягнік заехаў занадта далёка. Нягледзячы на гэта я трымаюся думкі, што мы ўсё роўна не павінны праект гэтай АЭС, калі ён сапраўды ненадзейны з гледзішча энэргетыкі, з гледзішча бясьпекі, яшчэ і самі заахвочваць разьвіцьцё такога ненадзейнага і небясьпечнага праекту. З гэтай прычыны рашэньне Латвіі — гэта рашэньне палітычнае. Наколькі мне вядома, кансультацыі з латвійскім міністэрствам энэргетыкі праводзіліся, але яшчэ да заканчэньня кансультацыяў усё ж было прынятае такое рашэньне, і аб гэтым можна толькі шкадаваць. Ці гэта моцна зьдзівіла... Мабыць, не...» — сказаў Наўседа.
Раней паведамлялася, што апэратар латвійскіх разьмеркавальных сетак AST паведаміў, што калі Літва спыніць гандаль электраэнэргіяй зь Беларусьсю, гандаль электраэнэргіяй будзе весьціся празь мяжу не Літвы, а Латвіі.
Прэзыдэнт Наўседа, які ў сераду сустрэўся ў Бэрліне з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, папрасіў дапамогі ў спробах дамагчыся, каб яшчэ да пачатку эксплюатацыі Астравецкай АЭС былі забясьпечаныя ўсе стандарты бясьпекі. Астравецкая атамная электрастанцыя, якая будуецца ля мяжы зь Літвой, не бясьпечная, падкрэсьліў літоўскі кіраўнік. Сама Мэркель на канфэрэнцыі сказала, што падтрымлівае занепакоенасьць Літвы бясьпечнасьцю Астравецкай АЭС.