Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Герасіменя вырашыла пакінуць вялікі спорт і засяродзіцца на дабрачынных праектах


Архіўнае фота. Аляксандра Герасіменя на Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра, 2016 год
Архіўнае фота. Аляксандра Герасіменя на Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра, 2016 год

Алімпійская чэмпіёнка ў біятлёне Надзея Скардзіна, алімпійская прызэрка ў плаваньні Аляксандра Герасіменя, чэмпіёнка сьвету ў тайскім боксе Кацярына Вандар’ева, мэнэджэр футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце) Вольга Хіжынкова далі старт дабрачыннаму праекту «24 Разам».

24-гадзінны спартова-дабрачынны маратон у дапамогу дзецям з аўтызмам пройдзе 16-17 жніўня. Каб дапамагчы маленькім беларусам, трэба будзе прабегчы на стадыёне Цэнтру алімпійскага рэзэрву ў лёгкай атлетыцы ці праплыць у басэйне САК «Трактар» за суткі агулам 10 000 гадзін. У такім выпадку партнэр праекту відэасэрвіс Voka пералічыць адрасатам 50 000 рублёў.

Прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная спартыўна-дабрачыннаму маратону «24 Разам», у Нацыянальным алімпійскім камітэце. 7 жніўня 2019 году
Прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная спартыўна-дабрачыннаму маратону «24 Разам», у Нацыянальным алімпійскім камітэце. 7 жніўня 2019 году

Лідэрамі камандаў, якія прадстаўляюць 18 дысцыплінаў, акрамя ўжо згаданых спартоўцаў, стануць біятляністка Дар’я Домрачава, баскетбалістка Анастасія Верамеенка, легкаатлетка Марына Арзамасава, тэнісістка Аляксандра Сасновіч, дзюдаістка Марына Слуцкая, баксёр Дзьмітры Асанаў, футбаліст Віталь Радзіёнаў, раварыстка Натальля Цылінская, лыжнік Сяргей Далідовіч ды іншыя.

Аляксандра Герасіменя пачала імпрэзу з аб’явы, што пакідае вялікі спорт — і ад узросту, і таму, што аб’ектыўна не гатовая паказваць высокія вынікі пасьля нараджэньня дзіцяці. Адпаведна, на Алімпійскіх гульнях 2020 году яе ня будзе, хоць жаданьне трапіць туды было вялізнае, канстатавала ўганараваная плыўчыха. Тым ня меней, канчаткова завязваць зь любімай справай Аляксандра не зьбіраецца — яе дзейнасьць засяродзіцца на спартова-дабрачынных праектах. «24 Разам» якраз з гэтага шэрагу.

«Рашэньне далося нялёгка, бо галоўная мара — стаць алімпійскай чэмпіёнкай — так і засталася незавершанай, — падкрэсьліла Аляксандра. — Я старанна трэнавалася і досыць хутка аднавілася. Але ўрэшце зразумела, што ня варта ўводзіць у зман і сябе, і іншых — наўрад ці да Гульняў змагу выйсьці на максымум формы. Проста зразумела, што не атрымліваецца прысьвячаць любімай справе па 8 гадзін штодня без урону для сям’і. Пасьля амаль 20 гадоў прафэсійнай кар’еры час засяродзіцца на аматарскім спорце».

Аляксандры Герасімені сёлета споўніцца 34 гады, амаль 20 зь іх яна ў вялікім спорце. За сваю кар'еру заваявала два срэбныя мэдалі на Алімпійскіх гульнях 2012 году ў Лёндане (дыстанцыі 50 і 100 м вольным стылем) і бронзавую ўзнагароду на Алімпіядзе-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра (50 м вольным стылем).

Яна таксама чэмпіёнка сьвету на дыстанцыі 100 м вольным стылем і ўладальніца залатога мэдаля сусьветнага першынства ў 25-мэтровым басэйне. Шматразовая пераможца і прэзырэка чэмпіянатаў Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG