Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына перахітрыла Лукашэнку? Што з датамі выбараў — адной карцінкай


Выбары 7 лістапада будуць, але ня тыя, якіх хацеў Лукашэнка. І верхнюю зь ніжняй палатай у выбарчым календары памяняюць месцамі. Прынамсі, на гэтым настойвае старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына​.

У красавіку Аляксандар Лукашэнка ў штогадовым пасланьні да беларускага народу і Нацыянальнага сходу заявіў, што чарговыя прэзыдэнцкія выбары «адбудуцца ў 2020 годзе», а для правядзеньня парлямэнцкіх ён прапанаваў 7 лістапада.

Старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай такая ідэя не зусім спадабалася: звычайна асноўны дзень выбараў ставяць на нядзелю, а 7 лістапада ў 2019 годзе — чацьвер. Яна ня раз прапаноўвала іншую дату: нядзелю 17 лістапада.

Падчас сустрэчы з Лукашэнкам 30 ліпеня Ярмошына прапанавала правесьці выбары ў верхнюю палату Нацыянальнага сходу, у Савет Рэспублікі, 7 лістапада, а ў ніжнюю палату, Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада.

Лукашэнка першапачаткова казаў пра 7 лістапада менавіта ў кантэксьце выбараў у Палату прадстаўнікоў. Гэтыя выбары ўсеагульныя, на іх могуць галасаваць усе грамадзяне, якія на дзень выбараў дасягнулі ўзросту 18 гадоў.

Ярмошына ж прапанавала правесьці 7 лістапада тыя выбары, у якіх звычайныя беларусы не галасуюць наўпрост. «Сэнатараў», лікам 64, выбіраюць мясцовыя саветы і асабіста Аляксандар Лукашэнка (8 чалавек ад кожнай вобласьці, 8 ад Менску, 8 ад Лукашэнкі).

Сходы па выбарах у Савет Рэспублікі праводзіліся звычайна не ў адзін дзень, а ў некалькі этапаў, і пры тым дагэтуль усе выбары ў ніжнюю палату праводзілі раней за выбары ў верхнюю.

Напрыклад, папярэднія выбары ў ніжнюю палату прайшлі 11 верасьня 2016 году, а паседжаньні па выбарах «сэнатараў» можна было праводзіць з 25 жніўня па 13 верасьня. Фактычна 56 «абласных» дэпутатаў верхняй палаты былі абраныя якраз 13-га, а паведамілі пра вынікі 16-га.

Пры тым скліканьняў абедзьвюх палатаў было шэсьць, а выбараў у кожную толькі пяць: калі Аляксандар Лукашэнка ў 1996 годзе разагнаў беларускі парлямэнт (Вярхоўны савет XIII скліканьня), то ў створаны замест парлямэнту Нацыянальны Сход проста прызначыў ляяльных яму дэпутатаў. Выбары ў гэты сход правялі толькі ў 2000 годзе: 15 кастрычніка ў ніжнюю палату, у сьнежні — у верхнюю.

ЗША і краіны Заходняй Эўропы не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ні тыя, ні ўсе наступныя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG