На гэтае пытаньне ў відэаінтэрвію Нацыянальнаму прэс-цэнтру адказаў старшыня праўленьня Рэспубліканскага зьвязу турыстычнай індустрыі Філіп Гулы:
«Да нашага вялікага шчасьця, мы геаграфічна разьмяшчаемся так, што да нас прыяжджаюць людзі з розных краін.
Тут варта назваць два тыпы турыстаў, яны падобныя паміж сабой. Адзін зь іх — расеец, другі — паляк.
Яны ва ўзросьце ад 40 да 60 гадоў. Звычайна гэта сямейная пара. Яны прыяжджаюць ці з аўтобуснай экскурсіяй, ці на асабістым транспарце, пражываюць у гатэлі на тры, а часам і чатыры зоркі. Такія турысты наведваюць нашы музэі і выяжджаюць у радыяльныя экскурсіі за межы Менску. Гэта людзі адукаваныя, ім падабаюцца музэі. Але да гэтага ім абавязкова трэба мець вольны час для прагулак па цэнтры гораду».
Тры віды турызму
Кіраўнік турыстычнай індустрыі дзеліць іншаземцаў, якія наведваюць Беларусь, на тры вялікія групы.
Першая — экскурсійна-пазнавальная. «Для нас самая цікавая, прывабная ў сілу тэрытарыяльнага разьмяшчэньня, тая, якую мы ў патэнцыяле хацелі б бачыць. Гэта — Эўропа: Заходняя, Усходняя і Паўночная. Усе прадстаўнікі гэтага турыстычнага трафіку — людзі, якія зарабілі ў асноўным сабе на пэнсію, заможныя, адукаваныя, якія шмат чым цікавяцца. Гэта не заўсёды турызм эканом-клясы, многія зь іх аддаюць перавагу чатырохзоркавым гатэлям. Іх цікавіць нашая кухня, культура, замкі, прырода, этнаграфія, жывыя зносіны з насельніцтвам. Гэта тое, што мы называем культурна-пазнавальным турызмам».
Другая — забаўляльная. «Што тычыцца краін СНД, пэрспэктыўнага рынку Пэрсыдзкай затокі і Паўднёва-Ўсходняй Азіі, дык тут людзям больш хочацца забавак. Беларусь тут мае вельмі высокі патэнцыял, таму што ў нас шырокія праспэкты, добрыя кліматычныя ўмовы — жыхарам „гарачых“ краін наша лета, нават такое дажджлівае, як цяпер, вельмі падабаецца. Яны цэняць бясьпеку, вельмі якасныя рэстарацыі. Усё гэта прыцягвае турыстаў. Таму выразна дзелім уязны турызм на два віды — экскурсійна-пазнавальны і забаўляльны».
Трэцяя — санаторна-аздараўленчая. «Асобна можна вылучыць нашы санаторна-аздараўленчыя ўстановы і пэрспэктыўныя інвэстыцыі ў разьвіцьцё СПА-комплексаў у рэгіёнах. Гэта найперш цікава расейскамоўным турыстам, грамадзянам Ізраілю, Нямеччыны, краін Балтыі, палякам і скандынавам. Але над гэтым трэба яшчэ працаваць», — сказаў Філіп Гулы.