«Моладзь БНФ» абвясьціла дзьве ўмовы для прэтэндэнтаў на літаратурную прэмію імя Ларысы Геніюш, расказвае «Новы час».
Умовы простыя:
- Прэтэндэнты мусяць быць узростам да 31 году.
- Да 5 жніўня трэба даслаць на адрас moladzbelarus@gmail.com любы свой верш, напісаны па-беларуску, які раней нідзе і ніколі не публікаваўся.
Журы конкурсу, як абяцаюць арганізатары, будзе складацца з прафэсійных беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Пераможцу абвесьцяць на дзень народзінаў Ларысы Геніюш — 9 жніўня.
«Моладзь БНФ» з 2016 году агітуе за афіцыйную рэабілітацыю Ларысы Геніюш — у 1948 годзе савецкае МГБ арыштавала паэтку і ейнага мужа, іх асудзілі на 25 гадоў лягераў і толькі часткова рэабілітавалі пасьля сьмерці Сталіна. Актывісты адзначаюць, што «ў памяці народу яна даўно рэабілітаваная, а ейная творчасьць не патрабуе рэабілітацыі», таму кажуць, што кампанію ладзяць хутчэй дзеля ўшанаваньня памяці Геніюш.