У менскай кватэры ўдавы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ў ліпені адключылі электрычнасьць за нясплату. Запазычанасьць за сьвятло складае 917 рублёў, напісаў у сваім фэйсбуку Глеб Лабадзенка.
Абноўлена, 17:15: Лабадзенка паведаміў на Facebook, што сьвятло ўключылі. За вырашэньне пытаньня ён падзякаваў кіраўніцтву менскага Энэргазбыту і ўсім, хто дапамог пагасіць запазычанасьць.
Інфармацыю пацьвердзілі Свабодзе ў даведцы РУП «Мінскэнэрга». Электрычнасьць адключылі з паказаньнямі 78785 кілават-гадзіны.
Карыстальнікі сацсетак заклікалі дапамагчы сплаціць запазычанасьць онлайн праз сыстэму АРІП ці на пошце. Рэквізыты тут.
Якую запазычанасьць ужо пакрылі, невядома — плацяжы адлюстроўваюцца не адразу.
«Калі нешта пераплацяць, гэта ня страшна. Таму што мы ня ведаем, як далей будзе разьвівацца сытуацыя, каб яна не паўтарылася зноў», — сказала Свабодзе Эла Дзьвінская, якая апякуецца Валянцінай Барадулінай.
Дзьвінская разам з другой жанчынай прыносіць Валянціне Міхайлаўне гарачую ежу. Кажа, сытуацыя не адбілася на самаадчуваньні ўдавы народнага паэта.
«Яна так [пачуваецца] звычайна. Слабей і слабей трошкі, ну нармальна па хаце рухаецца. Як бы так ня страчвае прысутнасьці духу, яна такая аптымістка па натуры. І гэта не адбілася на яе самаадчуваньні, таму што ўвесь час мы да яе прыходзім, вось і яшчэ адна жанчына, і прыносім ёй ежу. Мы яе запэўнілі, што дапаможам. Яна трошкі супакоілася і не губляе прысутнасьць духу».
Дзьвінская кажа, што ў далейшым Валянціне Міхайлаўне спатрэбіцца і іншая дапамога і просіць ахвотных пакінуць свае кантакты праз фэйсбук.
Валянціна і Рыгор Барадуліны пражылі разам 53 гады. Народны паэт памёр 2 сакавіка 2014 году ў сваёй кватэры ў Менску ад шматгадовай хваробы Паркінсона.
Барадулін — апошні беларус, якому надалі званьне Народнага паэта (у 1992 годзе). У 2006 годзе Рыгор Барадулін быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».