Пахаваньне ахвяраў трагічнай аўтааварыі пройдзе ў аўторак 9 ліпеня.
Аўтамабільная аварыя, у якой загінулі пяць чалавек, у тым ліку трое малых дзяцей, адбылася каля Белаазёрску ўдзень 7 ліпеня. Бездарожнік «Мэрсэдэс», у якім ехалі сямёра дарослых і трое дзяцей, зваліўся ў канал. Выжылі толькі тыя, хто змог сам выплысьці з аўтамабіля, які затануў на чатырохмэтровай глыбіні.
Цырымоніі разьвітаньня з ахвярамі аварыі пачаліся ўвечары 8 ліпеня па ўсім горадзе. З Ірынай Бярнацкай і яе 9-гадовай дачкой, якія ў момант аварыі сядзелі побач з кіроўцам і не змаглі выбрацца з машыны, людзі разьвітваліся ў будынку 3-й школы. Прыкладна сотня чалавек чакала пачатку цырымоніі каля гадзіны.
Яшчэ з двума дзецьмі, 9-гадовым хлопчыкам і 4-гадовай дзяўчынкай, разьвітваліся дома, на вуліцы Леніна. Туды прыйшлі некалькі соцень чалавек.
Разьвітальная імша заплянаваная на 13 гадзін аўторка.
Акрамя траіх дзяцей і Ірыны, у аварыі загінуў 21-гадовы Павал, які быў на апошнім шэрагу. Ён ня змог выбрацца праз багажнік.
Аварыя стала сапраўдным шокам для 12-тысячнага Белаазёрску. Жыхары гораду абмяркоўваюць падрабязнасьці здарэньня.
Кіроўца аўтамабіля, Андрэй Букраба, узяты пад варту. Адразу пасьля здарэньня ў яго ў крыві знайшлі 1,4 праміле алькаголю. Яму ўжо прад’явілі абвінавачаньні. 31-гадоваму жыхару Белаазёрску пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.