Раз на некалькі месяцаў нешта балюча штурхае ў сэрца, калі, адчыняючы паштовую скрыню, бачу вялізны белы канвэрт. Так і ёсьць: зноў бацьку. Прозьвішча, адрас, паштовыя пячаткі…
Бацька памёр у 1996-м. За прамінулыя гады я неаднойчы паведамляў амбасадзе, што «адрасат выбыў». Але канвэрт з часопісам DEUTSCHLAND акуратна кладзецца ў скрыню.
Ня ведаю, калі і чаму бацька стаў атрымліваць гэты часопіс пра сучаснае жыцьцё ў Германіі. Мо таму, што быў журналістам, ваяваў і стаў пераможцам? Нават мэдаль адпаведны ёсьць.
Апошняе, відавочна, перад усім. Бо як інакш Германія магла даць справаздачу, што ён ваяваў і перамог ня дарма?!
Сяргей Ваганаў
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org