Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салют падчас сьвяткаваньня Купальля на радзіме Лукашэнкі не адменяць


Купальле ў Александрыі, 2016 год
Купальле ў Александрыі, 2016 год

6–7 ліпеня на радзіме Аляксандра Лукашэнкі ў вёсцы Александрыя, што на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласьцей, пройдзе традыцыйны купальскі фэст «Александрыя зьбірае сяброў».

Аляксандар Лукашэнка звычайна наведвае гэтае сьвята, але пакуль ягоны ўдзел у сёлетнім фэсьце не анансаваны. Вядома, што маюць прыехаць міністры культуры і інфармацыі, а таксама іншыя чыноўнікі. На галя-канцэрце выступяць Аляксандар Саладуха, Анатоль Ярмоленка, Іна Афанасьева, Алена Ланская, Леў Лешчанка, «Лепрыконсы» ды іншыя сьпевакі беларускай і расейскай эстрады.

На фэст чакаюць, паводле афіцыйных зьвестак, да 80 тысяч наведнікаў, для якіх падрыхтавалі 2500 пасадачных месцаў і 1,2 км гандлёвых радоў.

Пасьля галя-канцэрту ў ноч з 6 на 7 ліпеня заплянаванае лазэрнае шоў і сьвяточны фаервэрк. Нягледзячы на менскае здарэньне 3 ліпеня, у якім праз выбух салютных установак загінула жанчына і атрымалі раны прынамсі 10 чалавек, на сёньняшні дзень фаервэрк у Александрыі не адмяняюць, праграма застаецца ранейшая.

«Гэты фаервэрк адрозьніваецца ад менскага: там яго забясьпечвала Міністэрства абароны, а ў нас ТАА „Кальвін“ зь Дзяржынску, — растлумачыў Свабодзе намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч. — Усе патрэбныя захады бясьпекі будуць зробленыя».

Купальле на радзіме Аляксандра Лукашэнкі ў 2019 годзе пройдзе пры фінансавай падтрымцы беларускіх банкаў. Адпаведны ліст Нацыянальны банк накіраваў беларускім банкам яшчэ мінулай восеньню. На леташняе Купальле зь дзяржаўнага бюджэту выдаткавалі ня менш за 200 тысяч рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG