Першы сакратар Менскага гарадзкога камітэта БРСМ Сяргей Клішэвіч падараваў 25-ці нованароджаным распашонкі, расшытыя беларускім арнамэнтам.
Акцыя «Падары немаўляці вышыванку» адбылася ў 5-м радзільным доме ў Менску напярэдадні афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня, перадае БелТА.
Паводле Клішэвіча, «масавае захапленьне нацыянальнай вышыванай кашуляй імкліва набірае абароты», і сёньня адзеньне зь беларускім арнамэнтам «стала па-сапраўднаму моднай фішкай».
«Нованароджаныя, якія атрымалі адзеньне з нацыянальнай сымболікай, будуць знаходзіцца пад надзейнай абаронай, бо для іх гэта абярэг», — сказаў функцыянэр БРСМ.
Акцыя «Падары немаўляці вышыванку», паводле БРСМ, будзе праходзіць па ўсёй Беларусі. У радзільнях маці атрымаюць для немаўлят распашонкі, паўзункі з нацыянальным арнамэнтам.
БРСМ — праўладная арганізацыя, якая фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту. Была ўтвораная ў 2002 годзе праз аб’яднаньне «Беларускага саюзу моладзі» і «Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі», лічыць сябе пераемнікам савецкага камсамолу і актыўна падтрымлівае палітыку дзейных уладаў (за што атрымаў мянушку «лукамол»).
Паводле самой арганізацыі, у яе ўваходзяць 477,5 тысячы чалавек (у тым ліку 16,2 тысячы ў «моладзевых атрадах аховы парадку»), але шмат беларусаў заяўлялі, што іх запісвалі ў БРСМ прымусова або ўпотай.