Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па амністыі на волю выйдуць 2 тысячы чалавек. Яна закране і асуджаных паводле 328-га артыкула


Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні

Савет Рэспублікі ўхваліў 28 чэрвеня законапраект аб амністыі, паведамляе БЕЛТА. Згодна зь ім, зь месцаў пазбаўленьня волі выйдуць каля дзьвюх тысяч чалавек.

Паводле міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які прадставіў законапраект сэнатарам, па папярэдніх дадзеных амністыя закране каля 6 тысяч чалавек, асуджаных за няцяжкія злачынствы. У тым ліку зь месцаў пазбаўленьня волі вызваляцца каля 2 тысяч чалавек.

Навіной цяперашняга законапраекту аб амністыі Караеў назваў тое, што амністыя закране непаўналетніх. Як адзначыў міністра, «з выхаваўчай калёніі ў Бабруйску выйдуць 45 непаўналетніх».

Да таго ж амністыя закране тых, хто асуджаны паводле ч. 1, 2 і 3 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу (незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў): для іх тэрмін пакараньня скарачецца на адзін год. Для тых, хто трапіў за краты паводле арт. 328 непаўналетнім, тэрмін пакараньня будзе скарочаны на два гады.

Каго адпусьцяць

Законапраект аб амністыі Палата прадстаўнікоў прыняла 28 чэрвеня адразу ў двух чытаньнях, піша БелаПАН.

Вызваленьне ад пакараньня па амністыі атрымаюць асуджаныя за няцяжкія злачынствы:

  • непаўналетнія;
  • цяжарныя жанчыны;
  • жанчыны і самотныя мужчыны, якія маюць дзяцей да 18 год;
  • пэнсіянэры;
  • людзі з інваліднасьцю I і II груп;
  • хворыя на актыўную форму тубэркулёзу, на анкалягічныя захворваньні другой, трэцяй, чацьвёртай клiнiчных груп, ВІЧ-інфікаваныя з 3-й і 4-й стадыямі захворваньня;
  • вэтэраны баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаў;
  • асобы, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, якія атрымалі раненьні, калецтва і захворваньні ў пэрыяд праходжаньня ваеннай службы.

Амністыя будзе распаўсюджвацца на тых, хто цалкам пакрыў шкоду, добра характарызаваўся падчас адбыцьця пакараньня.

Каго не адпусьцяць

Не закране амністыя:

  • асуджаных за забойства, згвалтаваньне, палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў;
  • тых, хто ўчыніў ДТЗ у нецьвярозым стане з загінулымі і пацярпелымі;
  • асуджаных за здраду дзяржаве, шпіянаж, паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта;
  • тых, хто незаконна атрымаў бязвыплатную замежную дапамогу;
  • асуджаных за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў;
  • асуджаных за злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, бязьдзейнасьць службовай асобы, за перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў.

Тэрмін выкананьня закона аб амністыі падоўжаны з шасьці да дзевяці месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG