Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад вывучыць досьвед замежных акумулятарных заводаў

Акумулятарны завод пад Берасьцем
Акумулятарны завод пад Берасьцем

Урад створыць працоўную групу, каб прааналізаваць працу акумулятарных заводаў у Нямеччыне, Італіі і Польшчы.

Кіраўнік эканамічнай зоны «Берасьце» Аляксандар Шукайла правёў на берасьцейскім акумулятарным заводзе сустрэчу з кіраўніцтвам кампаній — рэзыдэнтаў эканамічнай зоны. Сярод іншага, ён паведаміў, што будзе створаная працоўная група для вывучэньня замежнага досьведу працы акумулятарных заводаў, паведамляе Tut.by.

«Рэзананс выйшаў за межы Берасьця і вобласьці. Занепакоеныя тым, што адбываецца вакол прадпрыемства [у Менску]. Зараз ствараецца ўрадавая група, якой будзе даручана выехаць на аналягічныя прадпрыемствы за мяжу. Цяпер разглядаюцца варыянты: Нямеччына, Італія ці Польшча, а можа і некалькі краін. Вывучыць абстаноўку, што адбываецца на аналягічных прадпрыемствах там: якія мерапрыемствы праводзяцца ў галіне навакольнага асяродзьдзя, ці адпавядае наша прадпрыемства іхнім, якое лепшае — зрабіць параўнальны аналіз і прадставіць ва ўрад на разгляд», — сказаў Шукайла.

Зь лютага мінулага году жыхары Берасьця кожныя выходныя пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, цяпер ягоная праца прыпыненая. 28 чэрвеня СМІ паведамілі, што кіраўнік кампаніі, якая будуе завод, затрыманы.

​

Чаму гэта важна

Гэта самы працяглы і маштабны грамадзкі пратэст у сучаснай гісторыі Беларусі.

З канца лютага 2018 году некалькі соцень жыхароў Берасьця і ваколіц кожную суботу або нядзелю выходзяць на галоўную плошчу гораду «пакарміць галубоў». Праваахоўнікі адрэагавалі затрыманьнямі і адміністрацыйнымі справамі супраць пратэстоўцаў. Супраць аднаго зь іх распачалі крымінальную справу праз падазрэньне ў незаконным абарачэньні зброі.

З пачатку траўня актывісты арганізавалі кругласутачную варту каля заводзкай брамы.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG