Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вобраз Каліноўскага ў інтэрʼеры бару: каго гэта абражае?


Фрагмэнт інтэрʼер бару Kalinoŭski
Фрагмэнт інтэрʼер бару Kalinoŭski

Франак Вячорка заўважае шыльду Kalinoŭskі і піша ў сябе ў фэйсбуку: «Кусаю локці, што зрабіў гэта ня я. Прыкладна 12 гадоў таму мы з моладзьдзю ладзілі кампанію па папулярызацыі Каліноўскага і стварэньня зь яго сымбалю барацьбы за Свабоду і Незалежнасьць, які натхняў бы і абʼядноўваў. І тады мы гаварылі, маўляў, было б добра мець у Менску такі падпольны паб, дзе ўваход толькі па паролі: «Каго любіш? Люблю Беларусь».

А ў абмеркаваньні ў фэйсбукавай суполцы Свабоды адзін за адным бачу сярод іншых камэнты ў спэктры ад скепсісу да абурэньня (падаю на мове арыгіналу, каб захаваць стылістычны калярыт):

«По какому праву именами выдающихся людей на какой-то алкогольной, чтоб не сказать хуже, Зыбицкой, которая возникла для развлечения не самых достойных, называть питейные заведения»;

«Смешанные чувства. С одной стороны, радует появление национального контекста. А с другой, трагическая судьба Калиновского и то, что обычно происходит в барах на Зыбицкой, как-то не очень сочетается».

І тут я прыгадваю як у 2017-м у Менску мужчыну асудзілі на тры гады зьняволеньня за «хуліганства і зьдзек з асабліва каштоўнай матэрыяльна-культурнай каштоўнасьці». За дрыфт, г. зн. кіраваны занос, аўтамабіля на плошчы Перамогі ў Менску. Хоць у справе, на мой погляд, відавочным было небясьпечнае ваджэньне ў нецьвярозым стане, але ніяк ня зьдзек з чагосьці. Проста савецкія сымбалі для больш-менш новай генэрацыі даўно не сьвятыя, а плошча Перамогі — ня месца пахаваньня, а проста архітэктурная славутасьць. Справы там было — на штраф і пазбаўленьне правоў. Але не на тры гады няволі, бо ніхто не пацярпеў, дый нікога побач не было пасярод ночы. Але жорсткасьць прысуду ня выклікала вялікай хвалі абурэньня.

Надаваць нейкім памятным рэчам сьвяшчэннасьць — ёсьць у гэтым штосьці паганскае. Уся савецкая псэўдакультавая эстэтыка была прасякнутая культам сілы і прыніжэньня чалавека грознымі «багамі» з ЦК, якія пасьля сьмерці перасяляліся на камуністычны «алімп». Ёсьць для мяне наўпроставая паралель між асуджэньнем бару «Каліноўскі» і прысудам дрыфтару. Якія пачуцьці могуць быць абражаныя, калі Каліноўскі — хоць і сымбаль, але не рэлігійны?

Далей. Чаму адразу вырашылі, што ў бар «Каліноўскі» будуць прыходзіць амаральныя тыпы? Ды наагул, хіба раён вуліцы Зыбіцкай — спрэс гняздо разбэшчанасьці? Можа, там па-рознаму, як паўсюль у горадзе ды і проста сярод людзей? І чаму вырашана, што канкрэтна ў «Каліноўскім» будуць сцэны, якія апаганяць імя змагара за...

Савецкія камуністы любілі вобраз Каліноўскага за антыцарызм. А беларускія патрыёты за тое, што гэта быў антыцарызм паралельна з ідэяй змаганьня за незалежнасьць былога ВКЛ.

Камусьці лёс Каліноўскага здаецца сумным — павесілі, а камусьці ўзьнёслым — быў сьмелым і стаўся сымбалем адвагі дзеля справядлівай ідэі. Уладзімер Караткевіч пад уплывам паўстаньня Каліноўскага напісаў рамантычны твор «Каласы пад сярпом тваім». У мастацкай літаратуры фіналы бываюць такімі, якімі хоча аўтар і чытачы. У Караткевіча даецца надзея на зьяўленьне незалежнай Беларусі. Вельмі актуальна сёньня, калі беларускія чыноўнікі два дзясяткі гадоў гавораць пра незразумелую інтэграцыю з Расеяй. Таму вобраз Каліноўскага ня мусіць быць ідалам для псэўдарэлігійнага культу, а працаваць тут і цяпер на сьветаадчуваньне беларусаў. На такія погляды, дзе няма сумневаў у незалежнасьці.

Бары і кавярні — частка чалавечай цывілізацыі. Прыраўноўваць іх усе да чагосьці брыдкага можна толькі фантазійна, прыдумана і надумана. Адказнасьць чалавека за свае паводзіны застаецца на ім паўсюль, ня толькі ў барах. А вось тое, што назвы зь беларускага культурнага поля служаць распаўсюду беларушчыны — факт. Таму і марыў Франак Вячорка зь сябрамі пра кавярню з тэмай паўстаньня Каліноўскага ў назьве і афармленьні. Бо беларускае мусіць быць паўсюль, у тым ліку ў месцах адпачынку. А можа, і найперш у такіх месцах.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG