Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адчуць сябе нікчэмнасьцю ў найкруцейшай эўрапейскай сталіцы


Ілюстрацыя да гульні „Паліклініка“
Ілюстрацыя да гульні „Паліклініка“

Журналісты з Independent кажуць, што Менск — гэта эўрапейскі горад № 1, куды варта паехаць у 2019-м. А я сябе сёньня адчуваю кавалкам дз..ма. Бо каб трапіць на прыём у звычайную паліклініку ў горадзе № 1, трэба апусьціцца да ўзроўню дз..ма. Ня меней.


Я, і шмат хто яшчэ з нас, стварылі сабе такую паралельную Беларусь. Гэта цудоўная краіна, дзе мы не перасякаемся зь дзяржаўнымі ўстановамі. Замест тэлевізара мы глядзім Netflix i MEGOGO. Замест маршрутак мы езьдзім на Uber, бо цана амаль такая самая. Замест дабітых электрычак ёсьць швайцарскія цягнікі. Яшчэ ёсьць «эўрапейская» Зыбіцкая, Кастрычніцкая, Пясочніца і Корпус. І нам здаецца, што «нашыя» амаль перамаглі. Бо Вольскі дае канцэрт у Prime Hall. Бо футболку з Пагоняй можна купіць на кожным рагу. Бо міністар замежных справаў прамаўляе сьпічы амаль як Пазьняк. Урэшце мы адкрылі межы ўсяму сьвету і нам няма чаго цурацца.

Але сапраўдная дзяржава нікуды не падзелася. Яна чакае зручнага моманту, каб паставіць цябе на месца. Каб вытрасьці зь цябе тваю с.....ю паралельную краіну.

Мне тэрмінова спатрэбілася мэдычная даведка для кіраваньня машынай. Жывучы ў паралельнай Беларусі, я быў упэўнены, што за паўдня ўсё гэта зраблю. За паўдня я праехаў 32 км па Менску, адстаяў дзьве чаргі і адседзеў адну. У выніку — ані халеры. Толькі адчуваньне, што на цябе вылілі вядро памыяў. Мая праблема ў тым, што я не зьвяртаўся ў паліклініку два апошнія гады. Маю «прыпіску» анулявалі і цяпер тры дні трэба чакаць, каб аднавіць «прымацаваньне», зь якім можна трапіць у даўрачэбны кабінэт. Там за 2 хвіліны мэдсястра перапіша пяць маіх прышчэпак на свой блянк.

Яшчэ пару месяцаў таму мы апантана гулялі ў сваю «Паліклініку». Цяпер у мяне сапраўдная місія з чатырма лэвэламі:


1. Наркалягічны дыспансэр.
2. Псыханэўралягічны дыспансэр.
3. Выпіска з амбуляторнай карткі.
4. Мэдкамісія для кіроўцаў.

І гэта зусім ня сьмешна.

Першы лэвэл сёньня правалены: амбуляторную картку не атрымаў. Паспрабую з трэцяга і чацьвёртага. Еду начным цягніком у Слонім, каб заўтра раніцай пайсьці ў псыханэўралягічны і наркалягічны дыспансэр. ХХІ стагодзьдзе, ІТ-краіна, а ў Міністэрстве аховы здароўя дагэтуль няма агульнай электроннай базы (вось у міліцыі яна ёсьць!). Трэба на асабісты прыём, і толькі па месцы рэгістрацыі. І з вайсковым білетам. Пытаньне «Чаму ўсё так?» няма каму задаваць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG