Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі 4G-інтэрнэт назвалі самым павольным у Эўропе


Адкрыцьцё сеткі 4G у Менску, 2015 год
Адкрыцьцё сеткі 4G у Менску, 2015 год

Міжнародная аналітычная кампанія OpenSignal апублікавала чарговае дасьледаваньне (PDF) мабільнага інтэрнэту ў сьвеце. Па стане на травень 2019 году ў Беларусі дасьледчыкі мелі сярэднюю хуткасьць 4G-інтэрнэту ў 7,7 Мбіт/с на спампоўваньне і 4,4 Мбіт/с на запампоўваньне.

Гэта найгоршы вынік у Эўропе. Блізкія хуткасьці назіраліся ў Эгіпце, Дамініканскай Рэспубліцы, Панаме і на Філіпінах. Ва Ўкраіне зафіксавалі 11,2 Мбіт/с на спампоўваньне, у Расеі — 12 Мбіт/с, у Польшчы — 19,9 Мбіт/с. Праўда, у рэйтынг ня трапіў шэраг невялікіх краінаў Эўропы, такіх як Літва, Латвія, Эстонія, Малдова, Босьнія і Герцагавіна, Косава, Чарнагорыя…

Найхутчэйшы інтэрнэт, звыш 40 Мбіт/с на спампоўваньне, — у Паўднёвай Карэі, Нарвэгіі, Канадзе і Нідэрляндах. Самы павольны з дасьледаваных краінаў, 5 Мбіт/с і ніжэй, — ва Ўзбэкістане, Нэпале, Альжыры і Іраку.

Беларусь таксама ў ніжняй частцы табліцы паводле парамэтру «дасяжнасьці» 4G — гэты парамэтар паказвае, колькі часу прылада сапраўды падключаная да LTE-сеткі, калі ў наладах выстаўленае падключэньне да 4G. Дасьледчыкам удавалася заставацца падключанымі да беларускай сеткі 68,6% часу. Ва Ўкраіне — 66,6%, у Расеі — 73,9%, у Польшчы — 82,3%.

Асаблівасьць беларускай 4G-сеткі ў тым, што яе будавалі ня самі апэратары кожны для сябе (як было з 3G і 2G), а напаўдзяржаўны інфраструктурны апэратар BeCloud («Беларускія воблачныя тэхналёгіі»). Празь нязгоду з тарыфамі BeCloud апэратар Velcom ня мог прапанаваць абанэнтам LTE-сетку больш як тры гады, хоць сьцьвярджаў, што мае ўласнае 4G-абсталяваньне, гатовае да запуску.

Магчыма, аўстрыйцы пераканаюць беларускія ўлады ўлічыць няўдалы досьвед з 4G

Як перадае БелаПАН, 13 чэрвеня ў Менску прайшла сустрэча беларускага віцэ-прэм’ера Аляксандра Турчына і дырэктара A1 Telekom Austria Group (да якой належыць Velcom, які пераймяноўваецца ў A1) Томаса Арнольднэра. На сустрэчы працягнулася абмеркаваньне тэмаў зь перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і фэдэральнага канцлера Аўстрыі Сэбастыяна Курца.

Па выніках сустрэчы Томас Арнольднэр расказаў, што беларускі бок можа скарыстацца аўстрыйскім досьведам у разгортваньні сетак наступнага пакаленьня — 5G.

Паводле яго, «абодва бакі прыйшлі да згоды, што пры распрацоўцы заканадаўчай базы з мэтай разьвіцьця 5G у Беларусі, якую рэгулятар плянуе завяршыць да верасьня, неабходна браць пад увагу інтарэсы абанэнтаў і ўлічваць досьвед укараненьня як сетак 3G, дзе Рэспубліка Беларусь займае адну зь лідэрскіх пазыцыяў у Эўропе, так і сеткі 4G, якая прызнаная адной з найслабейшых сярод эўрапейскіх краінаў і пакрыцьцё і якасьць якой у рэгіёнах Беларусі недастатковыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG