Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перабаршчылі». Лукашэнка згадаў новаму кіраўніку МУС пра затрыманьні цыганоў


Аляксандар Лукашэнка падчас прыняцьця кадравых рашэньняў 11 чэрвеня
Аляксандар Лукашэнка падчас прыняцьця кадравых рашэньняў 11 чэрвеня

Аляксандар Лукашэнка 11 чэрвеня прызначыў новым міністрам унутраных справаў Юрыя Караева, які да таго камандаваў унутранымі войскамі.

Як перадае БелТА, з новым міністрам ён абмеркаваў ранейшыя затрыманьні цыганоў, якія праходзілі па ўсёй краіне пасьля сьмерці міліцыянта ў Магілёве.

Аляксандар Лукашэнка сказаў новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». Ён нагадаў, што выбачацца перад цыганамі езьдзіла кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава — на ягонае даручэньне.

«Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

У дзяржаўных СМІ не ўдакладняецца, ці згадваў ён, што перад цыганамі адмовіўся выбачацца дзейны на той момант, а з учорашняга дня былы міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч.

Таксама Лукашэнка расказаў, што калі зроблена нейкае злачынства, тады ў першую чаргу правяраюць асобаў, якія ўчынілі такое злачынства.

«Больш за тое, калі ў выпадку са сьмерцю супрацоўніка праваахоўных органаў у Магілёве падазрэньне першапачаткова па ягонай жа наводцы ўпала на канкрэтную групу грамадзянаў», — ускоснай мовай пераказвае БелТА словы Лукашэнкі.

«Перабаршчылі, — казаў Лукашэнка пра дзеяньні праваахоўнікаў да цыганоў. — Убачылі, што яны невінаватыя. Дык ідзіце і проста выбачцеся перад імі. І людзі зразумеюць. Ня трэба плугам ці бульдозэрам перці на ўсё, што перад табой. Недзе трэба і акуратней, дзесьці абʼехаць. А не атрымалася — прасі прабачэньня».

Лукашэнка дадаў, што «ня трэба лічыць людзей сваімі ворагамі» і ня варта разважаць «ах, там вось гэтыя цыганы, яны такія-сякія».

«Нармальныя яны людзі, — ацаніў Лукашэнка цыганскі народ. — Што, сярод беларусаў, расейцаў, габрэяў ці палякаў у нас тут няма злачынстваў? Ды хапае!»

***

16 траўня ў Магілёве ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча міліцыянты масава затрымлівалі грамадзянаў цыганскай нацыянальнасьці. Людзі скардзіліся журналістам на зьбіцьцё і жорсткае абыходжаньне.

Толькі ў Магілёве ў месцах кампактнага пражываньня цыганоў затрымалі каля 100 чалавек: жанчын, непаўналетніх і мужчын. Частку зь іх пазьней вызвалілі, а каля 50 мужчын затрымалі на трое сутак. Адносна іх пазаводзілі адміністрацыйныя справы за нібыта дробнае хуліганства. Затрыманьні адбываліся таксама ў Гомлі і па ўсёй краіне.

Шуневіч заявіў 23 траўня, што ў яго «няма ні прычыны, ні падстаў прасіць прабачэньня ў цыганоў», але пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася Качанава. Ды тыдзень таму генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк расказаў, што магілёўскія цыганы ня скардзіліся на затрыманьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG