Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім атрымала адказ на свой зварот у Міністэрства замежных спраў Беларусі наконт удзелу беларускай афіцыйнай дэлегацыі ў цырымоніі перапахаваньня парэшткаў Кастуся Каліноўскага ды іншых удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863 году.
У лісьце на імя кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Ўладзімера Макея дэпутатка напісала, што да яе зьвяртаюцца грамадзяне, якіх хвалюе пытаньне стаўленьня беларускай дзяржавы да перапахаваньня Кастуся Каліноўскага. Мэмарыяльныя імпрэзы заплянаваныя на гэтую восень.
«Як сябра камісіі адукацыі, культуры і навукі прапаную пад патранатам МЗС стварыць міжведамасную афіцыйную дэлегацыю для ўдзелу ў імпрэзах дзеля ўшанаваньня памяці беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Лічу, што гэта паспрыяе ўмацаваньню аўтарытэту Беларусі як унутры нашай краіны, так і за яе межамі, а таксама паслужыць падвышэньню прэстыжу нашай дзяржавы ў беларусаў замежжа», — перакананая Алена Анісім.
У адказе Ўладзімер Макей піша, што МЗС у рамках сваёй кампэтэнцыі «ажыцьццяўляе неабходнае ўзаемадзеяньне» зь літоўскімі калегамі па ўсіх пытаньнях, якія тычацца ідэнтыфікацыі і перапахаваньня знойдзеных у Вільні парэшткаў Кастуся Каліноўскага.
«З ініцыятывы і пры садзейнічаньні МЗС наладжаныя кантакты паміж зацікаўленымі ведамствамі Беларусі і Літвы. У адказ на афіцыйны зварот літоўскі бок даў згоду на ўжываньне беларускай мовы ў надпісах на надмагільных плітах і іншых месцах пры перапахаваньні ўдзельнікаў паўстаньня 1863 году. Дасягнуты шэраг іншых дамоўленасьцяў», — адзначаецца ў лісьце міністра замежных спраў Беларусі.
Макей піша, што Беларусь пакуль не атрымала афіцыйнага запрашэньня на цырымонію перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў Каліноўскага. Пытаньне абмяркоўваецца ў дыпляматычных каналах. Калі адпаведныя дакумэнты паступяць, МЗС падрыхтуе свае прапановы наконт складу дэлегацыі.
Як паведамляла Свабода, на пачатку 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні здарыўся апоўзень. Паўстала пагроза, што можа не ўтрываць славутая вежа, помнік гісторыі і культуры ХIV стагодзьдзя.
У студзені 2017-га першымі там пачалі працаваць археолягі — літаральна празь некалькі дзён ім адкрылася пахавальная яма, у якой, згодна з пазьнейшымі антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, ляжаў Кастусь Каліноўскі. Агулам знайшлі парэшткі 21 паўстанца, адзін зь іх дагэтуль не апазнаны.
Пасьля знаходак была створаная Дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня пад кіраўніцтвам прэмʼер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса. Урачыстасьці ў рамках перапахаваньня парэшткаў герояў антырасейскага супраціву заплянаваныя бліжэй да Дзядоў. Надпісы на магілах на віленскіх могілках Росы будуць на беларускай, літоўскай і польскай мовах.