Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 140 праціўнікаў акумулятарнага заводу сабраліся ў цэнтры Берасьця


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Берасьці 2 чэрвеня на плошчы Леніна чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага заводу. Такія сустрэчы праходзяць тут штонядзелі з 25 лютага 2018 году.


Паводле праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было каля 140 чалавек. У гэты ж час на плошчы праходзіў арганізаваны мясцовымі ўладамі канцэрт удзельнікаў харэаграфічнага фэстывалю «Танцавальная вясёлка», паведамляе БелаПАН.


Як адзначыў Вялічкін, людзей, якія прыходзяць па нядзелях на плошчу, стала менш. Гэта зьвязана з тым, што актывісты занятыя бесьперапыннымі дзяжурствамі, якія з пачатку траўня вядуцца каля завода.

Асноўнай тэмай сустрэчы 2 чэрвеня стала паведамленьне аб пераносе тэрміну прыёмкі ў эксплюатацыю акумулятарнага заводу з траўня на чэрвень. Як паведаміў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Брэст» Фёдар Каланчук, прыёмка прадпрыемства плянуецца 11 — 14 чэрвеня.
Грамадзкі актывіст Дзьмітры Бекалюк лічыць, што гэта адбылося таму, што аб’ект «не адпавядае патрабаваньням экалягічнай бясьпекі», пры тым, што ён атрымаў станоўчае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы.

Лекар Анатоль Ярмоленка адзначыў, што на заводзе далёка ня ўсё добра, што і выявіла ініцыятыўная група праціўнікаў будаўніцтва. «Калі ўлады маюць розум, завод ня будзе запушчаны ў эксплюатацыю ў такім выглядзе», — заявіў ён.

Таксама ўдзельнікі сустрэчы заявілі, што працягнуць дзённыя і начныя дзяжурствы каля прадпрыемства, бо яно працуе і выпускае прадукцыю нягледзячы на тое, што афіцыйна яшчэ не запушчана. Прычым працуе пераважна ўначы,бо менавіта ў гэты час з коміна ідзе дым.

Пасьля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.45, праціўнікі будаўніцтва заводу прайшлі цэнтральнымі вуліцамі Берасьця — Пушкінскай і Савецкай да ЦУМу на праспэкце Машэрава.

Каля 12.50 на вуліцы Савецкай быў затрыманы блогер Уладзімір Пятрухін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG