Упершыню апублікаваныя савецкія арыгіналы Дамовы аб ненападзе паміж СССР і Нямеччынай, падпісаныя 23 жніўня 1939 году. Раней гісторыкам былі даступныя толькі нямецкія фотакопіі так званага пакту Молатава-Рыбэнтропа.
Сканы дакумэнтаў, абнародаваныя гісторыка-дакумэнтальным дэпартамэнтам МЗС Расеі, зьявіліся 31 траўня на сайце фонду «Гістарычная памяць».
Як удакладніў дырэктар фонду Аляксандар Дзюкаў, самі тэксты ўжо публікаваліся ў 1990-я са спасылкай на архіў МЗС, аднак іх візуальныя вобразы публікуюцца ўпершыню.
Дакумэнты надрукаваныя на друкарскай машынцы, пад імі стаяць подпісы наркама замежных спраў СССР Вячаслава Молатава і міністра замежных спраў нацысцкай Нямеччыны Ёахіма фон Рыбэнтропа.
У сакрэтным дадатковым пратаколе да Дамовы аб ненападзе гаворыцца, што бакі дамовіліся «аб разьмежаваньні сфэр узаемных інтарэсаў ва Усходняй Эўропе» у выпадку «тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкаваньня абласьцей, якія ўваходзяць у склад Прыбалтыйскіх дзяржаў і Польшчы».
Празь тыдзень пасьля падпісаньня — 1 верасьня 1939 году — нападам Нямеччыны на Польшчу пачалася Другая сусьветная вайна. А ўжо 17 верасьня на тэрыторыю Заходняй Беларусі, якая тады знаходзілася ў складзе Польшчы, увайшлі савецкія войскі. Такім чынам, польскія землі былі падзеленыя ў адпаведнасьці са «сфэрамі інтарэсаў».