Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі праспэкт Незалежнасьці вернуць у кандыдаты ў сьпіс Усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА


Праспект Незалежнасьці ў Менску
Праспект Незалежнасьці ў Менску

Праект пастановы ўраду Беларусі аб падрыхтоўцы вылучэньня праспэкту Незалежнасьці ў Менску на ўключэньне ў папярэдні сьпіс Усясьветнай спадчыны UNESCO ўжо існуе. Пра гэта 21 траўня паведаміла журналістам супрацоўніца ўправы культуры Менскага гарвыканкаму Натальля Смольская.

«Права вызначаць падобныя аб’екты мае толькі Савет Міністраў. Праект адпаведнай пастановы ўжо падрыхтаваны. Цяпер дакумэнт знаходзіцца адразу ў двух міністэрствах — замежных спраў і культуры. Менавіта экспэрты гэтых ведамстваў і дапрацоўваюць яго», — заявіла чыноўніца.

Яна паведаміла, што праспэкт Незалежнасьці будзе прэтэндаваць на ўключэньне ў сьпіс UNESCO ня як самастойны аб’ект, а як частка значна большага праекту — пабудова пасьляваеннага цэнтру ў гарадах краін Усходняй Эўропы. У прыватнасьці, Менск можа ўвайсьці ў адну трансьмежавую групу зь Нямеччынай, Польшчай і Расеяй.

Чаму вылучэньне так зацягнулася

Яшчэ ў 2004 годзе праспэкт Незалежнасьці ўключылі ў папярэднюю нацыянальную прапанову да ўключэньня ў сьпіс Усясьветнай спадчыны UNESCO. Ішлося пра 3-кілямэтровы адрэзак ад скрыжаваньня з вуліцай Бабруйскай да вуліцы Казлова.

Але далей за экспэртныя паседжаньні справа не пайшла. У гэты ж час пачалася забудова праспэкту. У 2011 годзе ўлады зьнесьлі першую менскую электрастанцыю каля парку Горкага. На яе месцы ў 2014 годзе пабудавалі шматпавярховы гатэль. Новы гмах крытычна ўспрыняла грамадзкасьць, бо ён цалкам зьмяніў выгляд плошчы Перамогі.

У 2015 годзе, падчас плянавага перагляду нацыянальнага сьпісу аб’ектаў для ўключэньня ў сьпіс Усясьветнай спадчыны, праспэкт Незалежнасьці адтуль зьнік. Менгарвыканкам вырашыў не падаваць забудову галоўнай вуліцы на прэстыжную міжнародную намінацыю.

Што беларускага ўжо ўключана ў сьпіс?

Усяго ў сьпісе Ўсясьветнай спадчыны UNESCO больш за тысячу аб’ектаў, якія знаходзяцца ў 167 краінах. Беларусь прадстаўленая ў ім чатырма: Белавескай пушчай (1992 год), Мірскім замкам (2000), Геадэзічнай дугой Струвэ (2005), Палацава-паркавым комплексам у Нясьвіжы (2005).

Пад эгідай UNESCO існуе яшчэ адзін Усясьветны сьпіс — Нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Тут Беларусь уключаная толькі ў адну намінацыю — унікальных нацыянальных абрадаў. У сьпіс унесены навагодні абрад «Калядныя цары», які існуе толькі ў вёсцы Семежава Капыльскага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG