Вярхоўны суд 17 траўня перагледзеў справу жыхара Гомля Мікіты Баса, які парэзаў траіх міліцыянтаў. Яму павялічылі тэрмін зьняволеньня з 13,5 да 15,5 года.
Паводле ранейшага прысуду, толькі аднаго міліцыянта падсудны спрабаваў забіць, а двум астатнім — нанёс цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Пракуратура падала пратэст. І Вярхоўны суд разглядаў злачынства Мікіты Баса як больш цяжкае — замах на забойства трох міліцыянтаў.
Летась Мікіта Бас уцёк з «хіміі» ў Шклове, дзе адбываў пакараньне за наркотыкі. Яго шукалі паўтара месяца. Калі Баса паспрабавалі затрымаць у гарадзкім тралейбусе, ён дастаў нож і параніў траіх міліцыянтаў. Адзін з пацярпелых быў на мяжы сьмерці праз пашкоджаньне буйнога сасуду і вялікую страту крыві. Яго ўратавала тое, што адзін з пасажыраў пасьпеў накласьці жгут на нагу, а «хуткая дапамога» не забавілася.
Зь месца здарэньня Мікіта Бас уцёк, пераплыў Сож. На досьвітку яго заўважылі ў рацэ супрацоўнікі АМАП, падстрэлілі ў ногі і затрымалі.