У Літве неўзабаве адбудзецца зьмена ўлады — зьявяцца новы прэзыдэнт і новы ўрад, таму чакаецца пэўная перазагрузка ў дачыненьнях зь Беларусьсю.
У Сэйме Літвы 15 траўня на слуханьні па Беларусі запрасілі чатырох прадстаўнікоў беларускай апазыцыі: Уладзімера Някляева, Алеся Бяляцкага, Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца. Някляеў і Бяляцкі не змаглі прыехаць.
Зь літоўскага боку на слуханьнях прысутнічалі былы прэм’ер-міністар Андрус Кубілюс, дэпутаты ад розных партыяў, прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, унутраных спраў, няўрадавых арганізацыяў, якія працуюць зь Беларусьсю, прэса.
Севярынец: «БелАЭС — расейская ядзерная бомба, падкінутая пад плот суседзям»
Паводле аднаго з удзельнікаў слуханьняў Паўла Севярынца, літоўскіх палітыкаў, парлямэнтароў найперш непакоіць будаўніцтва АЭС у Астраўцы, што літаральна за 20 кілямэтраў ад мяжы.
«Цікавілі ўсіх два асноўныя пытаньні: Аляксандар Лукашэнка і АЭС. Мы дадалі яшчэ некалькі. Мая пазыцыя па Лукашэнку — ён не зьяўляецца гарантам незалежнасьці. Мы дзякавалі літоўцам за іх прынцыповую пазыцыю ў гэтым пытаньні. Арыентавацца тут трэба на беларускі народ, менавіта ён — гарант незалежнасьці, а зусім не рэжым. Таксама для нас відавочна, што Лукашэнка выкарыстоўвае стасункі з Эўропай толькі для шантажу Масквы альбо для продажу гэтых стасункаў за чарговы крэдыт», — пераказаў сваю пазыцыю сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Паводле ягоных словаў, для літоўцаў АЭС у Астраўцы — праблема № 1 у дачыненьнях зь Беларусьсю.
«Мая пазыцыя: БелАЭС — расейская ядзерная бомба, падкінутая пад плот суседзям, літаральна за 50 км ад літоўскай сталіцы. Гэта недапушчальна. Усе дэмакратычныя партыі Беларусі сфармулявалі сваю пазыцыю — закрыцьцё станцыі. То бок бясьпека, тэсты — гэта ўсё размовы. Толькі закрыцьцё. І мы лічылі б патрэбным стварэньне моцнай заходняй кааліцыі, якая дамагалася б і ад Расеі, і ад Беларусі закрыцьця гэтага праекту ў краіне, што пацярпела ад Чарнобылю», — заявіў Севярынец.
Таксама ішла гаворка пра перапахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага, пра палітычных вязьняў, пра Курапаты. У прыватнасьці, пра той факт, што ў Курапатах зьнесьлі і літоўскі крыж, які быў там усталяваны.
Паводле Севярынца, была дасягнутая дамоўленасьць, што такія слуханьні «павінны стаць рэгулярнымі для таго, каб палітыка на крытычна важным для літоўцаў беларускім кірунку была ўстойлівай».