Як паведаміў намесьнік міністра падаткаў і збораў Беларусі Ўладзімер Муквіч, узроставы парог для аматараў азартных гульняў узьнялі на тры гады.
Ён сказаў, што калі раней да азартных гульняў, у тым ліку віртуальных, дапускаліся асобы ва ўзросьце не ніжэйшым за 18 гадоў, то ад 1 красавіка гэты парог узьняты да 21 году.
Чыноўнік прапанаваў дэпутатам унесьці тры папраўкі ў два кодэксы: аб адміністрацыйных правапарушэньнях і працэсуальна-выканаўчы.
Што прапануе міністэрства?
Міністэрства прапануе прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці ў выпадках, калі:
- для арганізацыі альбо для правядзеньня азартных гульняў выкарыстоўваецца абсталяваньне, якое не стаіць на ўліку спэцыяльнай кампутарнай касавай сыстэмы;
- у выпадку рэгістрацыі ў спэцыяльнай сыстэме несапраўдных дадзеных пра суму прынятых грошай, пераведзеных электронных сродкаў, выплачаных выйгрышаў і прынятых стаўках;
- пры допуску да гульняў асобаў з адмысловых «чорных сьпісаў», якім не дазваляецца ўдзельнічаць у азартных гульнях.
Паводле Ўладзімера Муквіча, менавіта апошняе парушэньне, згодна з аналізам ведамства, сёньня найбольш распаўсюджанае.
Пры гэтым ён нагадаў, што любы ахвотны можа зьвярнуцца з просьбай, каб яму забаранілі ўдзельнічаць у такіх гульнях на тэрмін ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Прычым такую працэдуру можна ініцыяваць ня толькі на падставе асабістай просьбы чалавека, а і блізкіх сваякоў.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ўсё гэтыя прапановы ў першым чытаньні.