У Літве адбыўся першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле дадзеных Галоўнай выбарчай камісіі Літвы, у выбарах узялі ўдзел 56,85 % грамадзянаў з правам голасу. Гэта найвышэйшы паказьнік удзелу ва ўсіх выбарах у Літве пасьля 2002 году.
Ніводзін з кандыдатаў не набірае ў першым туры 50 % галасоў. У другім туры 26 траўня за пасаду прэзыдэнта будуць змагацца два кандыдаты:
- Інгрыда Шыманіце — 31,13 %;
- Гітанас Наўседа — 30,95 %.
Гінтас Наўседа — беспартыйны кандыдат, які ў 2004–2009 гадах быў дарадцам прэзыдэнта Валдаса Адамкуса. У 2000-х працаваў на розных пасадах у Банку Літвы і AB Vilniaus Bankas, у 2008–2018 гадах быў дарадцам і галоўным эканамістам SEB Bankas (новая назва AB Vilniaus Bankas), ад 2010 году выкладае ў Віленскай бізнэс-школе. 54 гады, жанаты, дзьве дачкі.
Інгрыда Шыманіце — кандыдатка ад цяпер апазыцыйнай кансэрватыўнай партыі «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты». Эканамістка, былая міністарка фінансаў (2009–2012) і былая старшыня праўленьня Банку Літвы (2013–2016), цяпер дэпутатка Сойму. 44 гады, ня замужам, ня мае дзяцей.
Трэці кандыдат, якога лічылі прэтэндэнтам на выхад у другі тур - Саўлюс Сквярняліс - набраў 19,72 % галасоў.
Саўлюс Сквярняліс — кандыдат ад партыі «Саюз сялянаў і зялёных», якая цяпер уваходзіць у кіроўную кааліцыю. Нярэдка публічна канфліктуе зь дзейнай прэзыдэнткай. Ад інспэктара дарожнай паліцыі даслужыўся да генэральнага камісара паліцыі (2011–2014). Былы міністар унутраных справаў (2014–2016), дзейны прэм’ер-міністар (з канца 2016 году). 48 гадоў, жанаты, мае дачку і сына.
Іншыя кандыдаты набралі менш за 5 %. Гэта — сацыял-дэмакрат Віцяніс-Повілас Андрукайціс, філёзаф Арвідас Юазайціс, эўрапарлямэнтар Валянцінас Мазуроніс, сябры сэйма Міндаўгас Пуйдокас, Нагліс Пуцейкіс і лідар Выбарчай акцыі палякаў Літвы — Саюза хрысьціянскіх сем’яў Вальдэмар Тамашэўскі.
Апрача прэзыдэнцкіх выбараў 12 траўня грамадзяне Літвы галасавалі і на двух рэфэрэндумах аб скарачэньні колькасьці дэпутатаў Сойму з 141 да 121 і аб пашырэньні інстытуту падвойнага грамадзянства.
Паводле папярэдніх дадзеных, удзел у абодвух рэфэрэндумах быў меншы, чым 50 %, неабходных, каб лічылася, што рэфэрэндумы адбыліся.