Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікае Кітай заключыць гандлёвае пагадненьне з Вашынгтонам у самыя кароткія тэрміны. Зацягваньне перамоўнага працэсу да наступных прэзыдэнцкіх выбараў у Амэрыцы, на думку Трампа, неразумнае, паколькі, як ён сьцьвярджае, ён на іх усё роўна пераможа.
У заяве, зробленай у суботу, Трамп сьцьвярджае, што цяперашнія перамовы складваюцца для кітайскага боку «выключна няўдала». Таму ў Пэкіне мяркуюць, што, магчыма, варта пачакаць да выбараў-2020 у надзеі, што новы прэзыдэнт-дэмакрат прапануе ім лепшую ўгоду. «Пагадненьне, якога чакае Кітай у мой другі прэзыдэнцкі тэрмін, будзе шмат горшае, а ня лепшае за тое, якое магчымае сёньня», папярэджвае Трамп.
У пятніцу амэрыканская адміністрацыя падвысіла з 10 да 25 працэнтаў мытныя тарыфы на кітайскі экспарт агульным коштам 200 мільярдаў даляраў і пагражае ўсталяваць такі самы тарыф на дадатковы набор тавараў коштам 300 мільярдаў. Тым ня менш дыялёг працягваецца. Трамп характарызуе яго як канструктыўны і дае зразумець, што тарыфы пры пэўных абставінах могуць быць зноў паніжаныя.
Перамоўны працэс, згодна з пазіцыяй Белага дому, забуксаваў пра тое, што Кітай узяў назад абяцаньні замацаваць у нацыянальным заканадаўстве такія палажэньні будучай гандлёвай дамовы, як абарона амэрыканскай інтэлектуальнай уласнасьці і адмова ад прымусу амэрыканцаў перадаваць кітайскім партнэрам свае тэхналёгіі.