Высланы зь Беларусі актывіст з Інгушэтыі Ісмаіл Нальгіеў цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Нальчыка, паведаміў тэлеканалу «Настоящее Время» адвакат Антон Гашынскі.
Суд, паводле яго, павінен адбыцца 11-га альбо 13 траўня.
Нальгіева абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і прымяненьні гвалту ў дачыненьні да прадстаўніка ўлады.
Кіраўніка грамадзкай арганізацыі «Выбар Інгушэтыі» Ісмаіла Нальгіева 10 траўня выслалі зь Беларусі ў Расею. Яму забаронена наведваць Беларусь на працягу 10 гадоў.
«Па дакумэнтах не зразумела, што зьяўлялася фактычна падставай для яго затрыманьня і высылкі. Высылка — прымусовая мера выправаджэньня, чыё знаходжаньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь непажаданае. Учора я бачыў, што ён у цяжкім псыхалягічным і фізычным стане — ён ня еў», — распавёў раней адвакат Гашынскі.
Грамадзкага актывіста з Інгушэтыі Ісмаіла Нальгіева затрымалі 8 траўня ў аэрапорце «Менск-2», адкуль ён меўся ляцець у Прагу. Падставай для затрыманьня стаў запыт расейскіх праваахоўнікаў.